Пазбаўленне старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай права на ўезд у Беларусь цягам трох гадоў і адмовы ад скарачэння гэтага тэрміну маюць палітычны падтэкст. На гэтым будуць настойваць беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія прыступілі да падрыхтоўкі альтэрнатыўнага даклада ў Камітэт па правах чалавека ААН адносна парушэння грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі.
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла кіраўнікоў незалежных праваабарончых арганізацый пракаментаваць сітуацыю з іх калегай.
Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі:
– Перш за ўсё неабходна адзначыць, што міжнародныя арганізацыі, беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці звязваюць высылку Алены Танкачовай з яе грамадскай, праваабарончай дзейнасцю. Факт высылкі праваабаронцы неаднаразова крытыкаваў Спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці. Гэтае пытанне таксама неаднаразова ўздымалася на ўзроўні Еўрапейскага парламента, Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і да т.п.
Алена з'яўляецца прызнаным міжнародным экспертам. Знаходзячыся ў Беларусі, яна, апроч пытанняў захавання правоў чалавека, займалася пытаннямі дабрачыннасці, культуры, аказання дапамогі людзям з інваліднасцю, сама з'яўлялася дабрадзеем. Працуючы з ёй поруч на працягу амаль 20 гадоў, магу сказаць, што любой прававой дзяржаве было б выгадна мець такога чалавека ў краіне. Аднак Беларусь не хоча яе вяртання: Алена ўжо атрымала тры адмовы ў скарачэнні тэрміну яе высылкі. Наша краіна не зацікаўленая ў прынцыповых людзях з альтэрнатыўным мысленнем. З часу прыняцця рашэння аб высылцы краіна пастаянна падкрэслівае, што гэта не звязана з праваабарончай дзейнасцю Алены, спрабуючы адвесці разгляд дадзенага пытання ў плоскасць парушэння індывідуальным грамадзянінам нормаў адміністрацыйнага права. Гэта відаць і па прадстаўленым 6 красавіка 2017 года дакладзе Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Аднак факты ўжо трэцяй адмовы ў скарачэнні тэрміну забароны на ўезд у краіну, дзе яна прыносіла карысць і пражыла больш за 30 гадоў, ігнаравання хадайніцтваў арганізацый грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян аб яе вяртанні ў краіну, высылкі з краіны па фармальных аб'ектыўна не даказаных прычынах сведчаць якраз пра адваротнае.
Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”:
– У дакладзе багата недарэчнасцяў, якія датычацца праваабаронцаў. У тым ліку і маёй скаргі, якая была прынятая Камітэтам па правах чалавека і па якой было прынята і накіравана беларускай дзяржаве рашэнне аб тым, што зняволенне парушае міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, у прыватнасці, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камітэт абавязаў беларускія ўлады адмяніць гэтае рашэнне і прызнаць маю невінаватасць, але гэтага, на жаль, не адбылося і Міністэрства замежных спраў увогуле не адказвала на мае скаргі. Даклад Беларусі – першы адказ, з якога вынікае, што ўсё законна, і тыя беларускія праваабаронцы, якія трапілі пад рэпрэсіі ў апошнія гады, трапілі пад іх не за сваю дзейнасць, а за тое, што яны парушалі закон.
Тое ж самае і ў кантэксце справы Алены Танкачовай – яна разгледжана і ацэнена вельмі фармальна, бо нягледзячы на фармальныя адпіскі, якія дзяржава падае ў сваім дакладзе, відавочна, што гэта проста помста за яе праваабарончую дзейнасць. Улады знайшлі такі “хітры” спосаб, каб пазбавіцца ад яе, фармальна прычапіўшыся да таго, што яна парушыла правілы дарожнага руху, і такім чынам, пазбавілі яе права на пражыванне ў Беларусі. Мы, канешне, ацэньваем гэта як пераслед Алены Танкачовай за яе праваабарончую дзейнасць.
Цяпер беларускія праваабарончыя арганізацыі ў кааліцыі пачалі рыхтаваць свой альтэрнатыўны даклад, і мы, безумоўна, будзем указваць на палітычны падтэкст яе выдварэння з Беларусі. Тое, што яна ўжо тры разы падавала заявы на змяншэнне тэрміна яе экстрадыцыі з Беларусі, і тым не менш, яны не былі задаволеныя, паказвае, што беларускія ўлады ўпарта трымаюцца гэтай сваёй пазіцыі яе пераследу за праваабарончую дзейнасць і, на жаль, выглядае на тое, што ўвесь вызначаны тэрмін – тры гады – яна будзе неўяздной у Беларусь. Гэта ўвогуле бесчалавечна, бо яе дачка мае беларускае грамадзянства, яна пражывае ў Беларусі, сама Алена мае тут маёмасць, і не было падстаў для такога бесчалавечнага жорсткага рашэння.
Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту:
– Калі б дзяржава прызнавала, што паступае незаконна, яна б так не паступала. Але паколькі беззаконне ўжо адбылося, цяпер дзяржава яго апраўдвае. Гледзячы на гэтую справаздачу, па некаторых пазіцыях узнікае пытанне, наколькі тыя профільныя структуры, якія яе пісалі, увогуле разумеюць абавязкі і стандарты ў правах чалавека і што будуць думаць людзі, якія будуць яе чытаць. У мяне такое ўражанне, што за доўгі час ізаляцыі ад звычайнай для міжнароднай супольнасці, яны проста пішуць і не разумеюць, што дэманструюць тое, з чым спрачаюцца.
Складана сказаць, чаму менавіта з Аленай Танкачовай так адбылося (выдварэнне з краіны і адмовы ў скарачэнні тэрміну забароны на ўезд. – ЕўраБеларусь.). Відаць, скарысталіся тымі фармальнымі падставамі, якія маглі знайсці. Хаця насамрэч зразумела, што гэтыя фармальныя парушэнні абсалютна не адпавядаюць пазбаўленню віда на жыхарства. Хаця калі праваабаронцу прыраўноўваюць да чалавека, шкоднага для дзяржавы, – гэта, канешне, сігнал нядобры. У любым выпадку, Танкачову ведалі, яна заўсёды была крытычнай і яе пазіцыя была вядомай. Але калі чалавек падае просьбы скараціць тэрміны няўезду, а яго ўсё адно не пускаюць – увесь гэты комплекс дае падставы меркаваць, што гэта звязана з праваабарончай дзейнасцю.
Улад Вялічка, генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”:
– На маю думку, тут відавочна ёсць палітычная матывацыя – гэта было зразумела яшчэ падчас разгляду справы ў беларускіх судах. У беларускіх праваахоўных органаў і суда была пэўная лінейка мяккасці і суворасці рашэнняў, якія можна было прыняць адносна таго фармальнага пункту, які ставіўся ў віну Алене. Тое, што мы бачым – абсалютнае нежаданне ўваходзіць у сітуацыю, браць да ўвагі, што ёсць маёмасць, сям’я і гэтак далей, – сведчыць, што асноўнай матывацыяй для сістэмы было выкарыстаць гэтую нагоду і пазбавіцца ад Алены Танкачовай на тры гады як ад праваабаронцы ў Рэспубліцы Беларусь. Дарэчы, тое ж самае пацвярджаюць разгляды хадайніцтваў, якія яна штогод падае наконт скарачэння гэтага тэрміну.
Я думаю, што такое жорсткае стаўленне да Алены стала вынікам інавацыі на пэўным этапе ў нашых сілавых структурах. Трэба было не толькі змагацца з праваабаронцамі і журналістамі ў агрэсіўнай форме, але і выкарыстоўваць нагоды, якія нібыта легальна падварочваюцца для таго, каб пакараць. І мы з вамі бачылі некалькі такіх сітуацый – з Аленай Танкачовай, а таксама ў пэўнай ступені тое, што Андрэй Бандарэнка апынуўся ў турме – гэта фактычная нейтралізацыя.
У дыскурсе правоў чалавека ёсць два ракурсы: праваабарончы і палітычны. У пэўнай ступені цяпер беларускім уладам выгадна дэманстраваць адкрытасць і гатоўнасць размаўляць на праваабарончыя тэмы з міжнароднымі партнёрамі. З іншага боку, дастаткова спытаць у любога прадстаўніка грамадзянскай супольнасці, у якой ступені мы бачым змены ў праваўжывальнай практыцы. І адказ будзе адназначны: фактычна, мы не бачым ніякіх зменаў і гатоўнасці Беларусі змяняць сваю практыку і стаўленне да пытанняў, датычных правоў чалавека.
"ЕўраБеларусь" нагадвае, што 6 красавіка гэтага года беларускія ўлады ўпершыню за 20 год прадставілі Камітэту свой даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Зрэшты, чакаць прызнання сваіх памылак ад беларускага кіраўніцтва не выпадае: як вынікае з дакладу, у Беларусі правы і свабоды грамадзян не парушаюцца. Усё гэтак жа настойліва ўлады адмаўляюць пераслед праваабаронцаў за іх дзейнасць, у прыватнасці, заяўляюць, што забарона на ўезд у краіну старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алене Танкачовай звязана з парушэннем ёй заканадаўства.
Крыніца: Праваабаронцы: Выдварэнне Алены Танкачовай з краіны – палiтычна матываванае