Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску Кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь накіравалі Пярэчанні ў Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з індывідуальным зваротам Валянціны Акуліч, сын якой гвалтоўна загінуў у Светлагорскім ІЧУ 26 траўня 2012 года.

Зварот быў зарэгістраваны ў КПЧ 12 чэрвеня 2017 года за нумарам 2987/2017. Адпаведная копія паведамлення была накіраваная дзяржаве-ўдзельніцы з просьбай, каб любая інфармацыя або назіранні ў дачыненні як да пытання аб прымальнасці, так і па пытаннях па сутнасці паведамлення маці загінулага, павінна быць атрыманая Камітэтам на працягу шасці месяцаў.

У пярэчаннях паведамляецца, што пад час утрымання ў ІЧУ г. Светлагорска да Аляксандра Акуліча абгрунтавана былі прымененыя фізічнае сіла і спецыяльныя сродкі, а цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі лёгкіх і не паслужылі прычынай ягонай смерці.

Збіты супрацоўнікамі Светлагорскага РАУС Аляксандр Акуліч
Гематомы на целе збітага супрацоўнікамі Светлагорскага РАУС Аляксандра Акуліча
Збіты супрацоўнікамі Светлагорскага РАУС Аляксандр Акуліч
Гематомы на целе збітага супрацоўнікамі Светлагорскага РАУС Аляксандра Акуліча

Толькі вось ні слова ў пярэчаннях дзяржавы чамусці не гаворыцца пра тое, што Валянціна Акуліч больш 3 гадоў дамагалася ўзбуджэння крымінальнай справы па факце смерці сына, у чым ёй шматразова адмаўлялі на ўсіх узроўнях, што яна дайшла нават да Вярхоўнага суда, але гэтае хаджэнне па замкнёным коле плёну, акрамя “касметычных” зменаў фармуліровак, не прынесла.

За такі працяглы час нават фігуранты справы пачалі наракаць на памяць, маўляў, ўсё адбылося даўно, нічога не памятаем”.

Аднак,”кампетэнтныя органы” заяўляюць, што маці “забылася” яшчэ звярнуцца ў Генеральную пракуратуру, і менавіта таму “не былі вычарпаныя усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, што…. цягне за сабой немагчымасць прадстаўлення пісьмовага паведамлення на разгляд Камітэта ААН па правах чалавека. З улікам гэтага зварот Акуліч у КПЧ варта разглядаць, як злоўжыванне правам на прадстаўленне скаргі ў дадзены Камітэт”,  што, у сваю чаргу, дазваляе прызнаць скаргу непрымальнай.

Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка паведаміў, што праваабаронцы рыхтуюць зараз свае пярэчанні на адказ кампетэнтных органаў Беларусі, у якімі усе факты будуць названыя сваімі імёнамі.

Нагадаем, Аляксандр Акуліч памёр 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі, якія не выклікалі своечасова арыштанту хуткую дапамогу, а таксама збівалі яго і прымянялі спецсродкі. Гэта былі чацвёртыя з пяці сутак, на якія Аляксандр Акуліч быў змешчаны ў ІЧУ. Пасля таго, як Валянціна Акуліч прайшла ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі па факце гвалтоўнай смерці сына і не дамаглася ніякіх вынікаў, яна з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавала і накіравала зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.

Крыніца: Справа Акуліча: Што Беларусь адказала КПЧ па факце ягонай смерці пад час арышту?