Разгляд адміністрацыйнай справы ў адносінах да праваабронцы Таццяны Рэвяка працягнуўся 26 красавіка ў 9.30 у судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Судзіць Вікторыя Шабуня, якая 18 сакавіка зрабіла перапынак у паседжанні, бо ў суд не з’явіўся заяўлены абаронца Таццяны Рэвяка.
На сённяшнім паседжанні ў якасці сведкі затрымання выступіла юрыстка ПЦ “Вясна” Наста Лойка, а таксама да матэрыялаў справы далучаны маніторынгавая справаздача назіральнікаў за ходам мірнай акцыі пратэсту, што адбылася 26 сакавіка.
Нагадаем, Таццяну Рэвяку затрымалі 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Мінска і, разам з іншымі затрыманымі, адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы, дзе доўгі час утрымлівалі ў жорсткіх умовах, у дворыку, тварам да сцяны, з паднятымі ўгару рукамі.
Пазней стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі склалі на праваабаронцу адразу два пратаколы: па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пратаколы праваабаронцы не прад’яўлялі і яна іх не падпісвала.
Праваабаронца накіравала ў Пракуратуру горада Мінска скаргу ў сувязі са сваім адвольным затрыманнем на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і жорсткім абыходжаннем у Цэнтральным РУУС, куды яна была дастаўлена пасля затрымання. Адказу яна пакуль не атрымала.
Крыніца: Працягваецца суд над праваабаронцай Таццянай Рэвякай