22 верасня суд Завадскога раёна Мінска працягвае разгляд адміністрацыйнай справы сацыяльнага актывіста Рамана Халілава, якога вінавацяць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП).
На пяпярэднім паседжанні, якое адбылося 11 верасня, суддзя Алена Някрасава адправіла пратакол правапарушэння на дапрацоўку, паколькі палічыла, што ён не ўтрымлівае сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, у бок якіх Раман Халілаў лаяўся, якім пагражаў і на чые заўвагі не рэагаваў, а прыкладзеныя пратаколы апытання сведкаў Беляк В. і Бруй В. малаінфарматыўныя.
21 верасня супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз затрымалі актывіста, адвезлі ў аддзяленне і склалі яшчэ адзін пратакол, на гэты раз за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы (арт 23.4 КаАП РБ), пасля чаго адпусцілі да суда дадому.
Нагадаем, Халілава затрымалі яшчэ ў пятніцу, 8 верасня, каля 20:20 у пад'ездзе дома, у які ён заходзіў. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол правапарушэння, нібыта ён лаяўся матам, і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён правёў выходныя.
Напярэдадні затрымання ў кватэры актывіста міліцыянты правялі вобшук і забралі ўсю тэхніку, а таксама асабістыя рэчы, прадметы адзення, літаратуру і грошы, прычым у ягоную адсутнасць. У кватэру запрасілі толькі суседку. Аднак копіі пратакола не пакінулі ні суседцы, ні Раману Халілаву.
Пры затрыманні яго непасрэдна ў пад’ездзе збівалі па нагах, галаве, жывату, білі галавою аб сцяну.
Крыніца: Актывіста Рамана Халілава судзяць за дробнае хуліганства