21 верасня ў Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі кобрынскіх супрацоўнікаў міліцыі на спыненне адміністратыўнай справы ў дачыненні да Аляксандра Меха.
Нагадаем, 15 жніўня грамадзкі актывіст з Кобрына Аляксандр Мех быў гвалтам схоплены супрацоўнікамі АМАП. Пасля некалькіх гадзін здзекаў Аляксандра звінавацілі ў “непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікам МУС” і склалі пратакол у парушэнні арт. 23.4 КаАП. У судзе актывіст запатрабаваў адваката, з-за чаго суд быў прызначаны на наступны дзень. 16 жніўня Кобрынскі суд “спыніў адміністратыўны працэс з-за непераканаўчасці прадстаўленых суду доказаў”.
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", начальнік кобрынскага РАУС не пагадзіўся з вынікамі разгляду справы і падаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, у якой даказвае, што пастанова аб спыненні справы незаконная і таму мусіць быць адмененая па прычыне непаўнаты і неаб'ектыўнага даследавання адміністратыўнага правапарушэння. Пры гэтым міліцэйскі начальнік спаслаўся на рапарт супрацоўніка МУС Руслана Гінцэвіча і пацярпелага сведкі Ігара Карповіча, таксама міліцыянта: “Хапаўся за форменную вопратку, адмаўляўся сам ісці ў службовае аўто...”.
У абласным судзе Аляксандар Мех патлумачыў, што яго і гаспадара кватэры заламалі ў пад'ездзе, прыдушылі, скруцілі і адправілі ў РАУС, без усялякай на гэта падставы.
“Нас затрымалі пасля выяўлення “праслушкі” літаральна праз некалькі хвілін, калі мы з гаспадаром кватэры, ў якой прылада была знойдзена, выходзілі з пад'езду. Нас звінавацілі ў непадпарадкаванні паводле артыкула 23.4 КаАП. Выдумалі, што мы перашкаджалі затрыманню і ўсяляк перашкаджалі супрацоўнікам ажыццяўляць свае "законныя" дзеянні. Гэта ўсё хлусня!” – чарговы раз даводзіў суду Аляксандар Мех
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Грыгаровіч доўга не разважаў над прыняццём рашэння – яно было падрыхтавана загадзя: “Пастанову суддзі Кобрынскага раёна адмяніць і адправіць справу на паўторны разгляд у той сама суд іншаму суддзі”.