Па інфармацыі, якую праваабаронцу "Вясны" Уладзіміру Вялічкіну паведаміў следчы, 25 чэрвеня брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска. Ён, як і Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 10 чалавек, затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, звязанай з падзеямі ў Гродна 29 траўня.
Цягам трох дзён яму можа быць прадʼяўлена абвінавачванне. Калі гэта здарыцца, то блогера перавядуць у СІЗА.
Ёсць падставы мяркаваць, што арыштаваны на 15 сутак блогер і прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў таксама праходзіць па гэтай справе і ўжо знаходзіцца ў СІЗА Мінска.
Таксама праваабаронцам вядома, што крымінальная справа заведзена ў дачыненні да блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Артыкул пакуль высвятляецца. Цыгановіч пераведзены ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Нагадаем, што ў межах "справы Ціханоўскага" па арт. 342 КК РБ затрымана як мінімум 11 чалавек. Напярэдадні стала вядома, што крымінальную справу па тым жа артыкуле завялі на Ігара Лосіка - адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" і фрылансера-кансультанта "Радыё Свабода". На дадзены момант Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.
Чытаць па тэме:
На адміністратара telegram-канала «Беларусь головного мозга» заведзена крымінальная справа
На блогера са Слуцку Няронскага завялі крымінальную справу
Крымінальная справа Ціханоўскага. Храналогія падзей
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі па "справе Ціханоўскага"
Як падтрымаць палітвязняў па "справе Ціханоўскага"? Пяць спосабаў
Крыніца: Крымінальныя справы заведзены на youtube-блогераў Сяргея Пятрухіна і MozgON