19 чэрвеня – апошні дзень сбору подпісаў за вылучэнне ў кадыдаты на пасаду прэзідэнта. Некаторыя прэтэндэнты ў кандыдаты заклікалі людзей прыйсці ў 18.00 да выбарчых пікетаў і пакінуць свой подпіс за іх вылучэнне. У 17.45 людзі паведамляюць, што ў цэнтры Мінска праблемы з мабільным інтэрнэтам. Таксама туды зганяецца спецтэхніка, і перакрываюцца паркоўкі.
Назіральнікі #ControlBY адзначаюць, што на пачатку прысутнічае пікета каля 50 чалавек.
У Радыё Свабоды таксама праблемы з сувяззю, пакуль не могуць наладзіць анлайн-трансляцыю з цэнтра Мінска.
На 18.30 у ланцугу стаіць каля 100 чалавек. Пра гэта паведамляюць назіральнікі.
У Мінску перакрыты галоўны праспект. Гэта зроблена для таго, каб машыны не маглі падтрымліваць людзей у ланцугу сігналамі.
На 19 гадзін у ланцугу прысутнічае каля 500 чалавек.
У 19.15 з'явіліся супрацоўнікі АМАП, яны пачалі адцясняць людзей на пікетаў.
"АМАП ачапіў плошчу Якуба Коласа ў Мінску. Людзі стаяць па абодва бакі праспекта", - пішуць у тэлеграм-канале "Выбары бачыш?".
У 19.30 ланцуг разарваны, людзі збольшага размешчаныя на пляцоўцы перад Філармоніяй.
Станцыю метро пл. Якуба Коласа - зачынілі. Да прыпынку ля Філармоніі падганяюць аўтазакі.
Сілавікі перакрылі абодва ўваходы ў падземныя пераходы. Людзей просяць разыйсціся, кажуць, што мерапрыемства несанкцыянаванае. На праспекце знаходзіцца чатыры аўтазакі. Людзей адціскаюць да ЦУМу.
У 19.50 у Мінску пачалі затрымліваць людзей: тры чалавекі завялі ў аўтазак, аднаго хлопца - прама з роварам.
Адзін з затрыманых - Юрась Палейка, сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай.
Затрыманая журналістка Радыё Свабода Аляксандра Дынько і журналістка Белсат Ірына Арахоўская.
Затрыманы і аператар Радыё Свабоды Андрэй Рабчык, яго загрузілі ў мікрааўтобус, пасля гэтага трансляцыя абарвалася.
Затрыманы аператар Белсат Уладзімір Косцін. Таксама затрыманы журналіст Reuters.
Людзей, якія стаялі ля цырка ў Мінску, АМАП адціскае да філармоніі.
На плошчы каля Філармоніі ў 20.30 пуста. Але чарга выбудоўваецца ўздоўж праспекта да перамогі.
Шмат супрацоўнікаў АМАПа на мінскай плошчы Перамогі.
АМАП каля скрыжавання праспекта Незалежнасці з вуліцай Казлова пачынае адціскаць людзей у бок філармоніі. Уваход у пераход каля гэтага скрыжавання перакрыты міліцыяй.
Каля Парку "Горкага" ў Мінску затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку фатографа TUT.BY Вадзіма Заміроўскага.
У Мінску людзі стаяць "жывым ланцугом" і на іншых вуліцах, напрыклад, праспекце Дзяржынскага.
Як паведамляе TUT.BY, з боку плошчы Перамогі да Якуба Коласа пад'ехалі тры аўтазакі і два аўтобусы з АМАПам. Амапаўцы ідуць ланцугом уздоўж ходніка з боку Філармоніі. Людзі па іншы бок праспекта крычаць "Ганьба!", аўтамабілі сігналяць.
Каля Парку Горкага ў Мінску сілавікі затрымліваюць людзей без разбору. Вядома, што затрыманы Андрэй Караўлаў.
Тым часам, у шматлікіх тэлеграм-каналах паведамляецца, што людзі выходзяць на пікеты ў Баранавічах, Лідзе, Оршы, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Стоўбцах ды іншых гарадах краіны.
Бабруйск
У Бабруйску людзі выстраіліся ўздоўж вуліцы Мінскай. У ланцугу, які расцягнуўся ўжо метраў на 500, цяпер знаходзіцца прыкладна 250 чалавек. Карэспандэнт TUT.BY і прысутныя паведамляюць пра перабоі з мабільным інтэрнэтам А1.
У Бабруйскі таксама пачаліся затрыманні. У аўтазаку знаходзяцца журналісты Сяржук і Алеся Лацінскія.
Віцебск
У Віцебску каля "Марк-Сіці" збіраюцца людзі і становяцца ў жывы ланцуг.
Колькасць людзей павялічваецца ў Віцебску. Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова адзначае, што не менш 500 чалавек знаходзіцца на пікеце.
Каля 20 гадзін вечара ў цэнтр Віцебску падагналі пяць аўтобусаў, заблакавалі тратуар. Дарогу перакрылі, людзі сталі разыходзіцца.
Затрыманыя Алена і Юлія Янушкоўскія, іх павезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна.
Гомель
Відаводчы паведамляюць, што ў цэнтры горада паставілі пікеты прыхільнікі дзеючага прэзідэнта. Сюды ж прывезлі людзей на аўтобусах, каб яны пастаялі і пакінулі подпісы за Лукашэнка.
У Гомелі затрымалі жанчыну. Верагодна гэта Алена Давыдава. "Кандыдатку пратэсту" Алену Давыдаву адпусцілі праз некалькі хвілін пасля затрымання.
Каля 500 чалавек выйшлі на пікет, АМАП спрабуе іх разагнаць.
Брэст
Каля 100 чалавек стаіць на вуліцы Савецкай ад кінатэатра "Беларусь" да помніка 1000-годдзя на Гогаля.
Брэст у 20.50: людзі стаяць пад дажджом на праспекце Машэрава ад вуліцы Халтурына да вуліцы 17 верасня.
АМАП выйшаў і ў Брэсце: людзей выцясняюць з тратуараў, берасцейцы крычаць "Ганьба!"
Светлагорск
Каля 20 чалавек вышлі ў "жывы ланцуг" у Светлагорску. Машыны, што праязджаюць міма - сігналяць у знак падтрымкі.
Гродна
У Гродне сабралася каля 350 чалавек. Людзі апладзіруюць, машыны, якія праязджаюць міма, сігналяць.
У Гродне людзі стаяць ад Савецкай плошчы, праз Нёман да філармоніі.
АМАП і супрацоўнікі міліцыі кажуць прысутным разыйсціся.
Каля 21 гадзін вечара пачаліся затрыманні. Вядома пра аднаго затрыманага.
Магілёў
Каля 120 чалавек вышлі ў цэнтр Магілёва.
Каля 20 гадзін вечара пачаліся затрыманні: у міліцэйскі бус адвялі Аляксандра Спірыдонава.
Міліцыя кажа прысутным разыйсціся, але людзі не надта падпарадкоўваюцца.
Журналіста Аляксандра Сабалеўскага затрымалі ў жывым эфіры для Магілёўскага YouTube канала 6TV. Таксама затрыманы карэспандэнт TUT.BY Анжаліка Васільеўская. Іх даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва.
Вільнюс
Да пікетаў далучыліся і беларусы замежжа.
Як праходзіў збор подпісаў і ўтварыўся "Ланцуг салідарнасці" учора
Нават пад градам, да "Незалежнасці" і ноччу. Пікет салідарнасці ў Мінску