Журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомелі каля яе дома.
Каля чатырох гадзін дня журналістка напісла ў сваём Facebook, што каля яе дома дзяжураць міліцыянты ў цывільнай машыне. Таксама, паводле яе слоў, іншыя міліцыянты аглядалі тэрыторыю каля дома.
Пазней яна паведаміла, што яе затрымалі.
Ларыса Шчыракова збіралася ў цэнтр горада на плошчу каля ўнівермагу, дзе мусіць праходзіць апошні пікет па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты.
З пачатку красавіка журналістку ўжо тройчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу са спадарожнікавым тэлеканалам "Белсат". Агулам яна атрымала 2565 рублёў штрафу.