Мітынг “Гадзіна смутку і маўчання” ў Мінску 26 красавіка 1989 года. Фота Уладзіміра Сапагова. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі  прэзентуе відэа-выставу фатографа Уладзіміра Сапагова, прысвечаную мітынгу “Гадзіна смутку і маўчання”, які адбыўся ў Мінску 26 красавіка 1989 года.

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі адзначае асаблівую актуальнасць гэтай тэмы напярэдадні пуску Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, запланаваным на пачатак ліпеня:

“Гэтую выставу мы прысвячаем адкрыццю Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы,як папярэджанне пра грозную небяспеку, з якой нам давядзецца жыць побач усе наступныя гады”.

Сама ідэя пабудовы БелАЭС вельмі неадназачна ўспрынятая ў беларускім грамадстве, якое заплаціла “мірнаму атаму” надта вялікі кошт 30 год таму.

А тады, 26 красавіка 1989 года, у Мінску адбылася першая масавая акцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы. Тысячы людзей з розных беларускіх гарадоў у той дзень сабраліся на цэнтральнай плошчы сталіцы на маўклівую акцыю. Гарэлі знічы, адмерваў сімвалічныя хвіліны звон. Красавіцкі мітынг “Гадзіна смутку і маўчання” працягнуў вулічную актыўнасць дэмакратычных сілаў. У 1989 годзе тэма Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі прагучыць надзвычай востра і актуальна. Улады будуць змушаныя распачаць сур’ёзныя дзеянні па змяншэнні наступстваў ядзернай катастрофы.

Напачатку анансуемай  відэа-выставы Уладзіміра Сапагова змешчаны невялікі відэаролік, прадастаўлены Уладзімірам Раманоўскім.

Запрашаем да прагляду выставы “Гадзіна смутку і маўчання” на ютуб-канале “Вясны” альбо ў нашых сацыяльных сетках - Фэйсбук  ці УКантакце!

Глядзім, аналізуем, думаем!

Уладзімір Сапагоў – вядомы ў свой час беларускі фатограф, актыўны ўдзельнік руху за незалежнасць Беларусі. Пасля ягонай смерці ў сакавіку 2012 года прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната, дзе ён жыў апошнім часам, выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Але сябар фатографа Міхаіл Мякіш паспеў уратаваць негатывы, якія прерадала яму камендантка інтэрната.

Крыніца: “Гадзіна смутку і маўчання”: прэзентацыя выставы, прысвечанай першай масавай акцыі ў гісторыі Беларусі Відэа