Сяржук Русецкі, фота "Радыё Рацыя" Доўгатэрміноваму назіральніку кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары” Сяржуку Русецкаму Бярозаўская раённая выбарчая камісія, нягледзячы на тое, што арт.13 Выбарчага кодэксу кажа пра галоснасць і празрыстасць выбарчага працэсу, адмовіла ў магчымасьці прысутнічаць на пасяджэннях камісіі пад час праверкі подпісаў выбаршчыкаў.

Камісія спасылаецца на тое, што праверка подпісаў выбаршчыкаў “будзе арганізаваная ў рабочым парадку, а не на пасяджэннях раённай камісіі”. Пры гэтым, згодна з арт. 37 Выбарчага кодэксу, не прадугледжваецца іншых формаў працы выбарчай камісіі акрамя пасяджэнняў. 

Бярозаўская раённая камісія паведамляе, што назіральнік зможа прысутнічаць “на пасяджэннях раённай камісіі, дзе будуць разглядацца ў тым ліку і пытаннні па арганізацыі праверкі сапраўднасці подпісаў у падпісных лістах і вызначэнні парадку адбора падпісных лістоў, устанаўленні колькасці подпісаў выбаршчыкаў па раёну, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

Пры тым на мясцовых выбарах 2018 г. акруговыя камісіі Бярозаўскага раёну дазволілі назіральнікам прысутнічаць на пасяджэннях камісій пад час праверкі подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты.

На думку Сяржука Русецкага, раённыя ўлады напэўна не хочуць рызыкаваць і робяць так, каб назіральнік асабіста не мог пабачыць ні подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы, ні подпісаў за вылучэнне ягоных апанентаў. Таму ўзнікаюць сумневы наконт таго, якія подпісы камісія палічыць сапраўднымі, а якія несапраўднымі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Бярозаўскаму назіральніку адмовілі ў магчымасці прысунічаць пры праверцы подпісаў