У панядзелак 15 чэрвеня ў Мінску і Наваполацку працягваюцца суды над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты. У судзе Фрунзенскага раёна суддзя Ала Бушава разглядае адміністрацыйную справу блогера Мікалая Маслоўскага. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня, падчас збору подпісаў каля Камароўскага рынку.
Блогер адзначыў у судзе, што яму не паведамілі належным чынам пра суд, казаў пра іншыя працэсуальныя парушэнні. Ён не лічыць, што ў той дзень удзельнічаў у акцыі, настойвае на тым, што пастаянна перасоўваўся і вёў стрым. Маслоўскі сцвярджаў, што мерапрыемства каля Камароўскі было поўнасцю законным.
У той жа час у судзе Кастрычніцкага раёна разглядалася справа іншага youtube-блогера - Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Так як у дадзены момант ён адбывае арышт, суд праходзіў праз Skype. Цыгановіча выдалілі да пачатку пасяджэння, бо той патрабаваў ад суддзі Веры Галаўковай, каб тая прадставіла доказы, што з'яўляецца суддзёй.
Сведкам па справе выступіў амапавец Сяргей Сіманаў. Блогер абвінавачваўся ў тым, што ўдзелнічаў у акцыі каля Камароўскі 31 траўня. Па словах сведкі, Цігановіч нібыта "выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў", а таксама крычаў "Жыве Беларусь!" і "Свабоду Ціханоўскаму!".
У выніку суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.
У гэтым жа суддзе разглядаецца справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса.
Таксама ў Мінску праходзяць дыстанцыйныя суды над Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім.
У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). Яе судзілі па пратаколе па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.
Крыніца: Суды за пікеты па зборы подпісаў працягваюцца: новыя штрафы і арышты