Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае па стане на 10 чэрвеня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня 90 чалавек атрымалі агулам 1093 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 102 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 86000 рублёў. На грамадзян працягваюць складаць пратаколы і судзіць за выказванне свайго меркаванне ці нават проста за прысутнасць на мірных акцыях і пікетах па зборы подпісаў.

Каго яшчэ чакае суд?

Мінск

На youtube-блогера Мікалая Маслоўскага складзены пратакол за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў ля Камароўскага рынку. Судзіць Мікалая па ч.3 арт. 23.34 КаАП будуць у судзе Фрунзенскага раёна 15 чэрвеня ў 11.00.

У судзе Кастрычніцкага раёна ў гэты ж дзень будуць судзіць блогераў Уладзіміра Цыгановіча (MozgON) і Эдуарда Пальчыса. Абодвух - за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

У судзе Савецкага раёна 15 чэрвеня будуць судзіць Аляксея Кірэева і Аляксея Ананіча.

Мінчук Аляксей Мазука атрымаў ажно тры пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) – за тое, што прыходзіў на пікеты 21,28 і 31 траўня.

На Галіну Жукоўскую, Пятра Папраўку, Марыну Адамовіч таксама складзены пратаколы па гэтым артыкуле – за ўдзел у пікеце ля Камароўскага рынку 31 траўня.

83-гадовага Яна Грыба выклікалі ў РАУС Кастрычніцкага раёна для складання пратакола за яго ўдзел у пікеце 7 чэрвеня. Ён адмовіўся ісці, і міліцыя паабяцала даслаць копію пратакола поштай. 

На Арцёма Бабка складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП - за ўдзел у акцыях падчас збора подпісаў 31 траўня і 7 чэрвеня.

На Мікалая Статкевіча, які таксама знаходзіцца пад арыштам, складзены новы пратакол паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Яго абвінавачваюць у тым, што ён 8 траўня размясціў у телеграм-канале «STATKEVICH» інфармацыю аб даце, часе і месцы правядзення масавага мерапрыемства да атрымання дазволу Мінгарвыканкама на яго правядзенне. 

16 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёна адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы па 23.34 КаАП у адносінах да арыштаванай Вольгі Нікалайчык.

Гродна

У Гродне працягваецца пераслед тых, хто ўдзельнічаў у пікеце 29 траўня, які скончыўся затрыманнем Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.

Міліцыя пераследуе пенсіянерку, 63-гадовую Станіславу Дамшэль. Жанчына была ў той дзень на Савецкай плошчы. Паводле яе слоў, яна прыйшла, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Жанчына апынулася ў эпіцэнтры падзей, пасля якіх адбыліся затрыманні. Яна расказвае, што яе моцна штурхануў адзін з міліцыянтаў і яна ледзь не ўпала, але яе падхапілі іншыя людзі. Жанчына перажыла моцны стрэс, а паколькі яна алергік, у яе неўзабаве ўзнікла астматычная алергія.

damshel.jpg
Станіслава Дамшэль. Фота "Радыё Свабода"

Міліцыя ж склала на яе пратакол паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Два дні запар у кватэру пенсіянеркі наведваюцца міліцыянты, якія хочуць, каб жанчына ехала з імі ў РАУС. Станіслава Дамшэль па-ранейшаму хварэе і знаходзіцца на самаізаляцыі і таму ў кватэру міліцыянтаў яна не пускае.

На Сяргея Калмыкова, які быў затрыманы разам з Сяргеем Ціханоўскім і 10 днён правёў за кратамі па ўзбуджанай крымінальнай справе (зараз ён у статусе сведкі), складзены два пратаколы – па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

У дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) вінавацяць таксама сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Юлію Карначаву. Пратакол на Юлію складзены за тое, што 29 траўня яна нібыта замінала праезду транспарта, у якім знаходзіліся затрыманыя.

karnachava_pratakol2.jpg
Юлія Карначава, фота Рамана Юргеля

Маладзечна

Пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) складзены на Аркадзя Жызнеўскага. У 17.00 11 чэрвеня яго будуць судзіць за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім.

Светлагорск

У Светлагорску складаюць пратаколы на тых, хто на пікеце каля ГЦ “Бярозка” 31 траўня трымаў плакат з надпісам “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”. Так, пратакол па арт. 23.34 КаАП складзены на актывіста Сяргея Біствіцкага, а таксама два пратаколы на Віктара Ахрамчука. У РАУС выклікаюць Вадзіма Паветку.

Дапоўнена: Пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве складзены і на назіральніцу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Алену Маслюкову. Судовае разбіральніцтва над Аленай прызначана 17 чэрвеня ў 10:00 у судзе Светлагорскага раёна. У той жа час будуць судзіць Сяргея Біствіцкага.

Віцебск

Суды за пікет па зборы подпісаў 31 траўня, які ўлады расцанілі як “несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”, чакаюць Таццяну Севярынец, Мікалая Качурца, Людмілу Валадкевіч. Валадкевіч прызначылі суд на 18 чэрвеня (суд Кастрычніцкага раёна).

vitebsk_31.05_2.jpg
Пікет у Віцебску 31 траўня

Наваполацк

У Наваполацку суд чакае Алену Радзькову, сябру ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачэня. На яе складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.

За плакат на перадвыбарчым пікеце Алену Радзькову будуць судзіць

У Наваполацку ў дачыненні да Алены Радзьковай, сябры ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня, распачаты адміністрацыйны працэс па ч. 3. арт. 23.34 КаАП.

Гомель

Суд за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве чакае прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Уладзіміра Няпомняшчых. Таксама па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім будуць судзіць Алу Грэчка і Віталя Смоліча.

Мазыр

Міліцыянты шукаюць Еву Сапрыгіну, каб скласці пратаколы за ўдзел у пікетах у Мінску і Віцебску, дзе яна стаяла з рознымі плакатамі.

Ева Сапрыгіна на пікеце ля Камароўскага рынку. Фота
Ева Сапрыгіна на пікеце ля Камароўскага рынку. Фота "Народнай грамады"

Інфармацыя па судовых працэсах будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых выклікаюць у суд ці ў міліцыю за ўдзел у мірных акцыях ці сустрэчах, просім звяртацца да праваабаронцаў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 Signal, WhatsApp, Telegram.

Крыніца: За месяц – больш за 1000 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды Дапоўнена