Як распавяла светлагорская праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова, яе выклікаюць у мясцовы РУУС у якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Пра гэта ёй паведаміў маёр міліцыі Пераведзенцаў.  Алена Маслюкова з'яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". На выбарчых пікетах па збору подпісаў яна ажыццяўляе свае функцыі па назіранню. Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч заяўляе, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да Алены Маслюковай расцэньваецца як перашкода ў ажыццяўленні ёй легітымнай дзейнасці як назіральніцы.

alena_maslukova_spring96_7.jpg
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

"З боку кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" мы выказваем рашучы пратэст супраць пераследу Алены Маслюковай і патрабуем неадкладна спыніць адміністрацыйны пратэст, які быў распачаты ў дачыненні да яе", – адзначае Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца паведаміла, што Светлагорску складаюць пратаколы на тых, хто на пікеце каля ГЦ “Бярозка” 31 траўня трымаў плакат з надпісам “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”. Так, пратакол па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) складзены на актывіста Сяргея Біствіцкага, а таксама два пратаколы на Віктара Ахрамчука. У РАУС выклікаюць Вадзіма Паветку.

За месяц – больш за 1000 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды

Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае па стане на 10 чэрвеня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня 90 чалавек атрымалі агулам 1093 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 102 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 86000 рублёў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Алену Маслюкову выклікаюць у міліцыю. Праваабаронцы патрабуюць спыніць пераслед Дапоўнена