Суды і затрыманні працягваюцца 10 чэрвеня. Пад рэпрэсіі трапілі тыя, хто тым ці іншым чынам быў звязаны з пікетамі па збору подпісаў: сябра ініцыятыўных груп, удзельнікі пікетаў, журналісты "Белсат", якія яго асвятлялі. Асудзілі і ўдзельнікаў у стрыме з блогерам Ціханоўскім. Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, у Віцебску ў судзе Чыгуначнага раёну 10 чэрвеня пакаралі Аляксандра Іллінца. 

Суддзя Алена Цыганкова прызнала яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала на 40 базавых велічынь. Толькі за тое, што ён пастаяў 12 мінут побач з плакатам “Свабоду Ціханоўскаму” на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай.

"30-га траўня прысутнічаў – як сказалі ў судзе – на несанкцыянаваным пікеце. Дзе быў плакат “Свабоду Ціханоўскаму!” і выява перакрэсленага прусака. Атрымайце за гэта 40 базавых! Ніякіх размоваў пра палітыку, нічога такога  там не было", – пракаментаваў Аляксандр Іллінец свой прысуд.

Аляксандр Іллінец. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Аляксандр Іллінец. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Аляксандр Іллінец – удзельнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Ганну Канапацкую. Да пікета ў падтрымку Ціханоўскай ён падыходзіў, каб паразмаўляць з калегамі. Суд прызнаў яго вінаватым з другой спробы:  1-га чэрвеня суддзя Алена Цыганкова не знайшла падставаў, каб асудзіць актывіста, і накіравала дакументы справы на дапрацоўку ў міліцыю. Перад тым ён правёў суткі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Таксама ў Віцебску на 10-га чэрвеня Таццяне Севярынец было загадана з’явіцца ў суд Чыгуначнага раёну, бо супраць яе пачатая адміністрацыйная справа за выступ на пікеце па зборы подпісаў 31-га траўня. Час быў указаны ў міліцэйскім пратаколе.  Аднак у судзе актывістку ніхто не чакаў. Высветлілася, што працэс перанеслі на 19-га чэрвеня, бо міліцыя папярэдне не ўзгадніла выклік з раскладам суддзяў. Такім чынам, людзі, якія прыйшлі падтрымаць спадарыню Таццяну, змарнавалі некалькі гадзінаў часу.

У Гродне, як паведамляе "Белсат", затрымалі журналіста Змітра Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва. Яны асвятлялі пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва дзейнага кіраўніка Беларусі. Восем чалавек у цывільным пасадзілі журналістаў у бус і з’ехалі ў невядомым кірунку. Імаверна, Міцкевіча і Кавалёва забралі ў РАУС Ленінскага раёну. 

Як паведаміў тэлеграм-канал "Европейская Беларусь", у Менску арыштаваныя актывісты грамадзянскай кампаніі "Евраопейская Беларусь" Міхаіл Бандарэнка і Артур Клімовіч. Крыху пазней затрымалі Арцёма Чарняка і Дзмітрыя Казлова. Арышт праводзілі супрацоўнікі АМАПу. Падрабязнасці высвятляюцца.

Крыніца: Серада: суды і затрыманні працягваюцца