Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля пераводу ў калонію ў Горках палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар – на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак.  Такім чынам, агулам з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму падвяргаецца правакацыям, звязанымі з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць з папушчальніцтва адміністрацый папраўчых устаноў ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных.

Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”, расцэньваючы гэта як непадпарадкаванне. Пры гэтым у тлумачальных, якія палітвязень дае падачас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны непадпарадкавання.

У ШІЗА Міхаіл Жамчужны ўтрымліваўся асобна і, каб пазбегнуць правакацыяй, патрабаваў, каб да яго нікога не падсаджвалі. Адміністрацыя дадзеныя патрабаванні задавальняла. У ПКТ Міхаіл Жамчужны таксама ўтрымліваецца адзін.

Пасля адбыцця ўсіх тэрмінаў у ШІЗА Міхаілу Жамчужнаму было перададзена каля 20 лістоў, якія прыйшлі палітвязню. Аднак лісты былі без канвертаў, і Міхаіл Жамчужны не можа нікому накіраваць адказы, паколькі не мае адваротных адрасоў сваіх адрасатаў. Ён просіць усіх, з кім трымае перапіску, даслаць яму лісты з указаннем адваротнтых адрасоў у зместе ліста, паколькі канверты могуць быць неперададзеныя зноў. У адрасе замест атраду неабходна ўказваць ПКТ.

Не выключана, што пасля адбыцця Міхаілам Жамчужным тэрміну ў ПКТ, будзе распачата працэдура пераводу яго на турэмныя ўмовы ўтрымання. Тэрмін змяшчэння ў ПКТ заканчваецца 4 кастрычніка.

Крыніца: Пасля 29 сутак у ШІЗА палітвязень Міхаіл Жамчужны на месяц накіраваны ў ПКТ