Віцебскі абласны суд паставіў кропку ў справе незаконнага пазбаўлення працы міёрскага актывіста Партыі АГП Сяржука Васільева.
4 верасня ў абласным судзе разглядалася касацыйная скарга на рашэнне Міёрскага раённага суда аб ягоным аднаўленні на працы дырэктарам сельскага дома культуры. Ініцыяваў падачу скаргі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дзе і прымалася рашэнне аб завальненні з працы актывіста. Як паведаміў Васільеў праваабаронцам "Вясны", рашэнне раённага суда аб ягоным аднаўленні на працы пакінута ў сіле, а скарга без задавальнення.
Сяржука Васільева звольнілі з працы адразу пасля Дня волі 25 сакавіка. Ён перакананы, што гэта звязана з яго актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і палтітычнай дзейнасцю. Напярэдадні 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі цэлую ноч дзяжурылі каля яго дома, раніцай дапытваліся, куды ён збіраецца ехаць, аднак актывіст усё ж дабраўся да Мінску і прыняў удзел у святкаванні Дня Волі.
На другі дзень Васільеву паведамілі, што яго звальняюць. Аднак актывіст аспрэчыў гэты загад у судзе Міёрскага раёна, які 18 траўня прызнаў звальненне неабгрунтаваным. Мясцовыя чыноўнікі ад культуры не пагадзіліся і падалі касацыйную скаргу у абласны суд, але справу прайгралі.
Дарэчы, гэта не першы выпадак пераследу актывіста па палітычных матывах. Праблемы з працай у яго пачаліся яшчэ пасля арышту за Плошчу 2010 года. Некалькі год ён даглядаў хворую маці, а пасля таго, як маці памерла, актывіста не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У рэшце Сяржук Васільеў, які мае дзве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў працаваў настаўнікам, з цяжкасцю ўладкаваўся грузчыкам на завод.
Зараз Сяржук Васільеў рыхтуе сустрэчны пазоў да міёрскіх ідэолагаў. Праз суд ён будзе дамагацца кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, нанесенай яму незаконным звальненні з працы.
Крыніца: Міёрскі актывіст Сяржук Васільеў дамогся аднаўлення на працы праз суд