Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 13 верасня 2017 г.
Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабарончыя арганізацыі, Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь праводзілася праверка шэрагу адвакатаў Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калегіяў адвакатаў і па яе выніках была прызначаная пазачарговая атэстацыя, у тым ліку не менш як 21 асобы з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
Акрамя таго, каля 60-ці адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая ладзіцца раз на пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасць у калегіях адвакатаў. Аднак існуе яшчэ спіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага году будзе праводзіць непасрэдна Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі.
Праваабаронцы ўжо неаднаразова выказвалі сваю занепакоенасць умяшальніцтвам дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры і выступалі ў абарону адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права займацца прафесійнай дзейнасцю выключна ў сувязі з іх удзелам у якасці абаронцаў у палітычна матываваных крымінальных справах.
Варта нагадаць, што ў 2011 годзе ў выніку правядзення пазачарговай атэстацыі па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі былі спробы пазбаўлення права на прафесію ў дачыненні да шэрагу адвакатаў, якія ажыццяўлялі абарону фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках, узбуджанай па падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Праваабарончая супольнасць адназначна расцаніла гэты крок уладаў як пераслед адвакатаў у сувязі з ажыццяўленнем імі іх прафесійнай дзейнасці і непрыхаванае ўмяшанне ў дзейнасць адвакатуры.
Трэба адзначыць, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе дзейнасць інстытута адвакатуры, замацоўвае магчымасць такога ўмяшальніцтва.
Менавіта з гэтай прычыны сёлетняя ініцыятыва Мінюста па правядзенні пазачарговай атэстацыі некаторых адвакатаў выклікае асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці.
Першымі вынікамі гэтай хвалі праверак Мінюста стала адмоўная атэстацыя адваката Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ганны Бахціной, а таксама ўмоўная атэстацыя з пераатэстацыяй праз паўгады ў сувязі з няпоўнай прафесійнай кваліфікацыяй у дачыненні яшчэ да трох адвакатаў.
“Не можа працаваць на пасадзе адваката ў сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй” – заключэнне з такой фармулёўкай ад кваліфікацыйнай камісіі Мінюста атрымала 21 верасня Ганна Бахціна - адвакатка з 38-гадовым юрыдычным стажам. Трэба адзначыць, што Ганна Бахціна неаднаразова прымала ўдзел у якасці абаронцы ў палітычна матываваных крымінальных працэсах.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры і забяспечыць яе незалежнасць на заканадаўчым узроўні шляхам унясення адпаведных зменаў у дзеючае заканадаўства;
- спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных справаў і справаў, звязаных з адстойваннем правоў чалавека;
- адмяніць адпаведнае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якое з’яўляецца перашкодай у ажыццяўленні прафесійнай адвакацкай дзейнасці Ганнай Бахціной;
Таксама заклікаем Мінскую гарадскую калегію адвакатаў:
- не прымаць рашэнне аб адлічэнні Ганны Бахціной са складу калегіі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
РГА “Прававая ініцыятыва”
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
АУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
АПУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Праваабарончы цэнтр “Прававая дапамога насельніцтву”
Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"
Крыніца: Патрабуем спыніць умяшанне дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры