Актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» пакаралі штрафамі за пікет з патрабаваньнем адстаўкі старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі Валянціна Сукалы, які прайшоў у Менску 16 жніўня.
Праваабаронцу Тамару Сяргей аштрафавалі на 690 рублёў (30 базавых велічынь), актывістку Любоў Санкевіч — на 1150 рублёў (50 базавых велічынь), - паведамляе Радыё Свабода.
Справы актывістак разглядала судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Вікторыя Шабуня, вядомая тым, што была ў сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША за датычнасьць да рэпрэсій супроць беларускай апазыцыі і грамадзкай супольнасьці.
«Мы патрабавалі адстаўкі менавіта старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы, бо думаем, што гэта ён адказны за тыя беззаконьні, якія творацца ў беларускіх судах. Мы шмат разоў бывалі ў яго на прыёме, асабіста я сустракалася зь ім ня меней за 5 разоў і расказвала пра шматлікія факты, якія сьведчаць ня толькі пра незаконныя прысуды, вынесеныя ягонымі падначаленымі, але і пра іх непасрэдныя злачынствы. Але нічога не мяняецца, сумнеўныя справы не пераглядаюцца, судзьдзі з дрэннай рэпутацыяй працягваюць працаваць. Валянцін Сукала працуе старшынём Вярхоўнага Суду ўжо больш за 20 гадоў, ён адзін са стваральнікаў гэтай сыстэмы, на якую так наракаюць сотні грамадзянаў, але сытуацыя не выпраўляецца», — кажа Тамара Сяргей.
Праваабаронца нагадала, што, акрамя пікету, у жніўні іх ініцыятыўная група накіравала таксама зварот з патрабаваньнем адстаўкі Валянціна Сукалы ў Адміністрацыю прэзыдэнта. «Але адказу дагэтуль няма», — канстатуе Тамара Сяргей.
Пікет з патрабаваньнем адстаўкі Валянціна Сукалы быў праведзены 16 жніўня на плошчы Свабоды ў Менску. Міліцыя актывістам не замінала, але пазьней яны атрымалі пратаколы аб правапарушэньні.
Тамара Сяргей кажа, што гэтыя пратаколы былі складзеныя са шматлікімі парушэньнямі, у тым ліку ў актывістак не ўзялі тлумачэньняў аб прычынах іх дзеяньняў.
«Дасьведчаны судзьдзя мусіў бы не разглядаць гэтыя пратаколы з такімі хібамі, а вярнуць у міліцыю на дапрацоўку, але гэтага не адбылося. Яшчэ адно сьведчаньне таго, што судзьдзі ня судзяць, а выконваюць загады», — лічыць Тамара Сяргей з ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры».
13 верасьня ў Цэнтральным раённым судзе Менску будуць таксама судзіць актывістку ініцыятыўнай групы Валянціну Каваленку.
Крыніца: Пікет за адстаўку Валянціна Сукалы каштаваў актывісткам 690 і 1150 рублёў штрафаў