Як паведамляецца на сайце naviny.by, у Еўрапарламенце занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і дакладчыка ЕП па Беларусі Пятраса Аўштравічуса. "Перадвыбарная кампанія пачалася з агульнанацыянальных рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, — адзначаецца ў заяве. — Напрыклад, дзясяткі людзей былі арыштаваныя па ўсёй краіне за тое, што яны наведвалі сходы відэаблогера Сяргея Ціханоўскага або пратэставалі супраць ягонага нядаўняга затрымання".

Фота: Reuters
Фота: Reuters

Еўрадэпутаты таксама занепакоеныя "дыскрымінацыйным падыходам, які захоўваецца, да складу тэрытарыяльных выбарчых камісій, так як колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый, дапушчаных у гэтыя камісіі, значна скарацілася ў параўнанні з папярэднімі выбарамі".

"Збалансаваны склад камісій з'яўляецца гарантыяй сапраўды свабодных і дэмакратычных выбараў, — падкрэсліваецца ў заяве. — І апошняе, але не менш важнае: мы занепакоеныя рашэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі адмовіць па тэхнічных прычынах у рэгістрацыі некаторым вядомым дзеячам апазіцыі".

У заяве адзначаецца, што папярэднія выбары ў Беларусі "былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў".

"Паколькі выбарчы працэс у гэтым годзе будзе праходзіць у вельмі своеасаблівым кантэксце, калі ўвага міжнароднай супольнасці прыцягнутая да пандэміі COVID-19, мы заклікаем беларускія ўлады стварыць, нарэшце, рэальна роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, а таксама выканаць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку звязаныя з відавочна незбалансаваным складам тэрытарыяльных выбарчых камісій, адміністрацыйнымі махінацыямі ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў і адсутнасцю празрыстасці ў працэсе падліку", — гаворыцца ў заяве.

Еўрадэпутаты таксама заклікалі беларускія ўлады забяспечыць бяспечнае правядзенне выбараў з улікам пандэміі COVID-19, у тым ліку забяспечыць сродкамі індывідуальнай абароны членаў выбарчых камісій, зрабіць бяспечным для здароўя грамадзянаў працэс галасавання і забяспечыць умовы працы для назіральнікаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Крыніца: У Еўрапарламенце занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі напярэдадні выбараў