Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка каментуе першыя вынікі пазачарговай пераатэстацыі адвакатаў, распачатай 12 верасня Міністэрствам юстыцыі.
Сёння адвакат са шматгадовым стажам Ганна Бахціна, якая ў розныя гады бараніла фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў, паведаміла, што камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне аб тым, што яна больш "не можа працаваць на пасадзе адваката ў сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй". Яна стала першай ахвярай. У спісах на пераатэстацыю значацца яшчэ некалькі абаронцаў грамадзянскіх і палітычных актывістаў, у дачыненні да якіх праваабаронцы выказваюць асаблівую занепакоенасць.
«З глыбокім шкадаваннем трэба сцвярджаць, што ў практыку ўмяшання органа выканаўчай улады - Міністэрства юстыцыі - у дзейнасць адвакатуры вярнуліся карныя элементы, прадбачліва закладзеныя ў адпаведны закон. Крытыкуемая праваабаронцамі роля Міністэрства юстыцыі як кантралюючага органа не можа існаваць асобна ад рэпрэсій, закліканых падтрымліваць адсутнасць фармальна дэклараванай незалежнасці адвакатуры і адвакатаў.
Тое крохкае перамір'е, якое ўсталявалася пасля разгрому адвакацкіх свабодаў у 2011 годзе коштам адмовы адвакатаў ад многіх уласцівых гэтай прафесій правоў і гарантый, а органамі адвакацкага самакіравання - ад функцыі абароны іх законных інтарэсаў, пала, пахаваўшы нясмелыя надзеі на перспектывы аднаўлення ролі і прэстыжу адвакацкай прафесіі.
Роля адвакатуры ў грамадстве ацэньваецца значна шырэй, чым роля простага прафесійнага аб'яднання. Гэты інстытут закліканы ўраўнаважваць ролю публічнага, дзяржаўнага ўплыву на праваадносіны; адвакат і яго дзейнасць, свабодная ад усякага роду ціску і пагрозаў, - найважнейшы элемент гарантаванага кожнаму справядлівага суда. Безуважна назіраючы за пазбаўленнем адвакатуры ўласцівых ёй незалежнасці і свабоды, грамадства страціць нават той мінімум правоў і гарантый, які пакінула яму рэпрэсіўная палітыка дзяржавы.
Ані не сумняюся, што пазбаўленне права на прафесію асобных адвакатаў звязанае выключна з іх актыўнай пазіцыяй і ўдзелам ў справах, якія маюць грамадскі рэзананс і звязаныя з палітычна матываваным пераследам грамадзянаў», - піша праваабаронца.
Дададзім, што напярэдадні пазачарговай пераатэстацыі шэрагу адвакатаў ПЦ "Вясна" звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў з просьбай умяшацца ў сітуацыю, а таксама заклікаў міжнародную адвакацкую супольнасць да салідарнасці з беларускімі калегамі.
Крыніца: "Роля Мінюста як кантралюючага органа не можа існаваць асобна ад рэпрэсій"