12 верасня Міністэрства юстыцыі праводзіць пазачарговую пераатэстацыю ў дачыненні да 21 адваката Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Сярод прызнаных “некваліфікаванымі” – Ганна Бахціна, абаронца фігуранта справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (так званай справы “Белага Легіёну”) Міраслава Лазоўскага.
“Не можа працаваць на пасадзе адваката ў сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй” – заключэнне з такой фармулёўкай ад кваліфікацыйнай камісіі Мінюста атрымала сёння адвакатка з чвэрцьвекавым стажам. На гэтым тыдні, 16 верасня, спаўняецца 25 гадоў, як Ганна Бахціна працуе ў адвакатуры.
Сярод двух дзясяткаў калегаў, запрошаных сёння на пераатэстацыю ў Кваліфікацыйную каміссію па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста, яна стала першай ахвярай расправы.
Як распавяла Ганна Бахціна ПЦ “Вясна”, сама працэдура адбывалася ў непрыязнай атмасферы, але яна не здавалася:
"Сёння былі запрошаны 21 чалавек, я зайшла туды першая. Уся гэтая працэдура вельмі зацягнулася: з 11-ці гадзін да паловы на другую паспела прайсці толькі я адна. Таму што я не згаджалася, даказвала, дзе яны не маюць рацыі ў даведцы, казала пра тое, што інструкцыі не маюць прычыннай сувязі з магчымасцю ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці… Пасля гэтага мне, як студэнтцы на іспыце, сталі задаваць пытанні па галінах права. Увогуле, усё гэта было доўга...”
Апытанне, па словах Ганны Віктараўны, не думалі спыняць нават тады, калі ў яе падвысіўся артэрыяльны ціск і ёй давялося прыпыняць размову, каб прыняць лекі. І толькі тады, калі яна заявіла, што больш не ў стане адказваць на пытанні камісіі, адпусцілі з кабінета да прыняцця рашэння.
Яе рэакцыя на рашэнне камісіі была прамалінейнай:
"Калі я пачула пра тое, што я не магу працаваць адвакатам, то сказала: "Я ведаю ведамствы, якія так лічаць. Я ведаю, што вы выканалі замову гэтых ведамстваў. Я лічу сябе прафесіяналам, зыходзячы з вынікаў сваёй працы і таго, як я яе рабіла. Я паважаю сябе ў прафесіі і падпісваць гэта не буду".
У розныя часы Ганна Бахціна абараняла такіх фігурантаў рэзанансных справаў, як Эніра Браніцкая (справа “Партнёрства” 2006 года), Ірына Халіп (справа аб масавых беспарадках 2010 года), Эдуард Пальчыс (“справа Джона Сільвера” 2016 года) і іншых. А апошнім яе гучным падабаронным стаў Міраслаў Лазоўскі, фігурант палітычна матываванай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (вядомай як “справа Белага Легіёну”), якая яшчэ не спыненая.
Ганна Бахціна лічыць, што абарона Лазоўскага стала апошняй кропляй для ўладаў. “Я звязваю гэта найперш з апошняй справай”, - кажа яна.
Крыніца: Пераатэстацыя адвакатаў: першая ахвяра – Ганна Бахціна