11 верасня ў Варшаве распачала працу штогадовая Нарада па разглядзе выканання абавязальніцтваў дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння, якая будзе доўжыцца да 22 верасня. У межах канферэнцыі Прадстаўнікі ПЦ “Вясна” возьмуць удзел у трох паралельных мерапрыемствах, дзе будзе абмяркоўвацца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
У першы дзень працы старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі выступіць з дакладам на мерапрыемстве пад назвай “Правы чалавека ў Беларусі — ад Справы патрыётаў да Справы прафсаюзаў”, якое на палях канферэнцыі АБСЕ ладзіць Беларускі Дом у Варшаве пры падтрымцы Польскага Фонду Міжнароднай Салідарнасці і Нямецкага Фонду Маршала.
19 верасня Алесь Бяляцкі і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда возьмуць удзел у паралельным мерапрыемстве “Сакрэтнасць прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі”, якое арганізуе Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH).
У гэты ж дзень Таццяна Рэвяка, сябра ПЦ “Вясна” і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, будзе ўдзельнічаць у паралельным мерапрыемстве “Небяспека гаварыць - апошнія тэндэнцыі на постсавецкай прасторы”, арганізатарам якога выступае Міжнароднае партнёрства па правах чалавека (IPHR). Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з постсавецкіх краінаў абмяркуюць бягучыя праблемы свабоды выказвання меркаванняў, асацыяцыі і сходаў у сваіх краінах, падзеляцца сваімі меркаваннямі і ацэнкамі сітуацыі і прадставяць рэкамендацыі па стратэгіях для супрацьдзеяння пагрозам грамадзянскай супольнасці ў рэгіёне.
Нагадаем, Нарада па разглядзе выканання абавязальніцтваў усіх дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе штогадовай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі. Арганізатар мерапрыемства Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ прадастаўляе платформу 57 дзяржавам-удзельніцам, партнёрам па супрацоўніцтве, структурам АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародным арганізацыям для падвядзення вынікаў выканання дзяржавамі абавязальніцтваў АБСЕ па чалавечым вымярэнні, абмеркавання звязаных з гэтым праблемаў, абмену перадавым вопытам і выпрацоўкі рэкамендацый па правядзенні далейшых паляпшэнняў.
Крыніца: Прадстаўнікі “Вясны” возьмуць удзел у мерапрыемствах у межах Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ