У пятніцу, 15 траўня, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага. У Беларусі ў перыяд з 6 траўня былі затрыманы каля 120 чалавек, якія прыходзілі на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту, такіх як "кармленне галубоў" ці акцыя "Моладзевага блоку" ў Мінску.

Травеньскі тыдзень затрыманняў і арыштаў. Лічбы, факты, геаграфія

Орша

У Оршы асудзілі Дзмітрыя Рышкевіча за тое, што выказаўся ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Супрацоўнікі аршанскай міліцыі склалі пратакол за 18 красавіка. Суд аршанскага раёна і горада Оршы аштрафаў актывіста на 20 базавых велічыняў (540 рублёў). 

Як паведаміў праваабаронца "Вясны" Ігар Казмерчак, Дзмітрыя Рышкевіча ў ноч з 14 на 15 траўня пратрымалі ў кабінеце бараньскага пастарунку без складання пратаколу. Праваабаронца лічыць такія дзеянні міліцыянтаў незаконнымі, таму будуць абскарджваць іх з Дзмітрыем Рышкевічам.

Вілейка

vileika_67.jpg
Андрэй Каўзановіч

У Вілейскім судзе 15 траўня адбылося судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе Андрэя Каўзановіча. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве) за тое, што 20 красавіка даў інтэрв'ю блогеру Ціханоўскаму. Суддзя Борыс пакарала Андрэя Каўзановіча штрафам 25 базавых велічыняў (675 рублёў). 

Мінск

У Мінску пачаліся адміністрацыйныя працэсы над прыхільнікамі Ціханоўскага, якія былі гвалтоўна затрыманы 6 траўня каля гандлёвага цэнтру MILE на Далгінаўскім тракце. Нагадаем, тады каля 20 чалавек прыехала на стаянку каля ГЦ, каб потым разам зладзіць аўтапрабег па МКАД у падтрымку затрыманага ў той дзень блогера. Аднак ажыццявіць наўмыснае яны не паспелі, бо былі затрыманы. 19 чалавек даставілі ў РУУСы Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП) і за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і позна ўвечары адпусцілі.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 15 траўня асудзіў Аляксандра Ахрэмчука (затрыманага каля Mile)па двум пратаколам (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП) агулам на 45 базавых велічыняў (1215 рублёў). Судзіла яго суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая па вынясенню палітычна-матываваных рашэнняў грамадскім актывістам.

Таксама вядома, што ў гэтым судзе быў асуджаны яшчэ адзін паплечнік блогера Сяргея Ціханоўскага Аляксандр (прозвішча высвятляецца). Яго асудзілі на 50 базавых штрафу (1350 рублёў).

Уладзіміра Міціна будуць судзіць 20 траўня ў 10:30 у судзе Мінскага раёна за тое, што ён нібы ўдзельнічаў у стрыме Ціханоўскага і выказваўся наконт праблемы захавання леса ў Бараўлянах.

У Мінску жорстка затрымалі як мінімум 19 чалавек, якія хацелі падтрымаць Ціханоўскага

Увечары шостага траўня каля гандлёвага цэнтру MILE на Далгінаўскім тракце АМАП і міліцыянты ў цывільным затрымалі як мінімум 19 чалавек, якія прыехалі туды падтрымаць затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны хацелі сфарміраваць калону для аўтапрабегу па МКАД.

Магілёў

У Магілёве ў 14:00 ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся суд над актывістам Народнай грамады Васілём Курушыным. Яго затрымалі 14 траўня ў другой палове дня. Суддзя Пушкіна прызнала яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП і асудзіла на 7 сутак адміністрацыйнага арышту

Сёння ў Магілёве таксама затрымалі сябра Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Буракова.

Затрыманы праваабаронца "Вясны" Алесь Буракоў

У пятніцу, 15 мая, у 11 гадзін супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра магілёўскага аддзялення "Вясны" Алеся Буракова (Сашу Райкана). Яго затрымалі на кватэры, дзе ён жыў. Супрацоўнікі міліцыі павезлі праваабаронцу ў Ленінскае РАУС Магілёва. Імаверна, яго будуць апытваць па акцыях, якія праходзілі ў Магілёве 5 і 6 траўня.

Брэст

У Брэсце працягваюць судзіць праціўнікаў завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу горада на акцыю па "кармленні галубоў". 15 траўня суд аштрафаў актывіста Юрыя Калько на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Яго адпусцілі на волю. Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары. 

Актывісту Валерую Фамінскаму прызначылі суд на 18 траўня. Да сённяшняга дня ён таксама ўтрымліваўся ў ізалятары. У 13:00 яго вызвалілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання.

Таксама сёння асудзілі праваабаронцу "Вясны" Уладзіміра Вялічкіна, які трое сутак прасядзеў у ІЧУ. Негледзячы на тое, што праваабаронца ажыццяўляў маніторынг мірных сходаў ужо другі раз яго аштрафавалі. Сёння — на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). 12 траўня Уладзіміра Вялічкіна суд аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Другі суд над затрыманым праваабронцам “Вясны” Уладзімірам Вялічкіным скончыўся яшчэ адным штрафам

Сёння, 15 траўня, у судзе Ленінскага раёна г. Брэста нарэшце распачалося судовае паседжанне у дачыненні да сябры ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна.

Праваабарончая супольнасць Беларусі 15 траўня выступіла з заявай, у якой выказвае свой пратэст і патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызвалення ўсіх, хто адбывае арышт. Таксама праваабарончыя арганізацыі Беларусі заклікаюць улады да выканання сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Прымяніўшы штрафы і арышты за ўдзел у мірных пратэстах і іх асвятленне, улады парушылі правы на свабоду выказвання меркавання і мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.

Патрабуем вызваліць арыштаваных і спыніць адміністрацыйны пераслед за ўдзел у мірных сходах у траўні 2020 года

У траўні 2020 году ўлады Беларусі пачалі шырокія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй Беларусі былі адвольна затрыманыя і асуджаныя да штрафаў і арыштаў больш за 120 чалавек. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць пераслед мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызваліць тых, хто адбывае арышт.

Крыніца: Суткі, штрафы. У Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі акцый