Міліцыя Акцябрскага раёну, што на Гомельшчыне, распачала адміністрацыйную справу супраць мясцовага блогера, настаўніка біялёгіі па адукацыі Андрэя Павука — за выхад пры канцы жніўня на плошчу з плякатам: «Вазьміце Павука на працу!»
Андрэй Павук распавёў Свабодзе, што 6 верасня ў 17.30 праз СМС яго выклікаў у аддзел міліцыі ўчастковы інспэктар Дзьмітры Крумгольц:
«Ён папярэдзіў, што супраць мяне распачаты адміністрацыйны працэс паводле часткі 1, артыкула 23.34 — гэта значыць, за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства. Як я зразумеў, за адзіночны выхад на плошчу з плякатам. Ад пачатку прыходу ў міліцыю я вёў відэастрым. Участковы Крумгольц і дзяжурны мяне пераконвалі, што гэтага рабіць нельга. Прыносілі нейкія ведамасныя інструкцыі, невядома кім зацьверджаныя, што нібыта відэаздымкі ў аддзеле рабіць нельга, але толкам нічога так і ня высьветлілі. Праз паўгадзіны я спытаў участковага: „Я затрыманы?“ Калі ён сказаў, што не, то я адразу й пакінуў аддзел міліцыі».
На плошчу з плякатам у Акцябрскім Андрэй Павук выйшаў 29 жніўня, калі ў райцэнтры праходзіла раённая пэдагагічная нарада. Спачатку Андрэй стаяў з плякатам «Вазьміце Павука на працу!» у фае Дома культуры, дзе зьбіраліся настаўнікі.
Андрэй кажа, што ў яго склалася цяжкая жыцьцёвая сытуацыя. З жонкай Андрэй гадуе дваіх дзяцей, а працуе толькі яна адна. Сям’я выплачвае крэдыт за кватэру. Андрэй лічыцца індывідуальным прадпрымальнікам, але пасьля таго, як зь ім скасавалі дамову на арэнду памяшканьня пад фатастудыю, ён, па сутнасьці, застаўся бяз працы.
У жніўні Павук спрабаваў уладкавацца ў трох школах раёну на адкрытыя вакансіі пэдагога-арганізатара, інжынэра-праграміста і нават прыбіральшчыка службовых памяшканьняў, але ўсюды яму адказвалі, што вакансіі ўжо запоўненыя.
Няўдалай была і спроба Андрэя Павука на прапанову раённага аддзелу адукацыі ўладкавацца на працу на пачатку году ў Любанскую сярэднюю школу настаўнікам біялёгіі ды хіміі. Нечакана ў райцэнтар прыйшоў ліст пратэсту ад бацькоў школьнікаў. Па словах Павука, гэты ліст магла ініцыяваць старшыня сельсавету Тамара Кароль. У калектыўным лісьце васьмёра бацькоў школьнікаў выказаліся супраць прызначэньня Андрэя Павука настаўнікам з прычыны «яго дзейнасьці». Адзін з подпісаў аказаўся падробленым.
Дзейнасьць Андрэя Павука зьвязаная зь ягонай актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён стварыў «Укантакце» суполку «Рудабельская паказуха», стаў здымаць відэасюжэты пра мясцовае жыцьцё. Мясцовым чыноўнікам даставалася ў песьнях, у тэатралізаваных сцэнках і ў камэнтарах чытачоў.
Да гэтага Андрэй Павук сем гадоў працаваў у раённым Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі кіраўніком гуртка і акампаніятарам. Шырокую вядомасьць набыў як аўтар гіта Ксеніі Дзягелькі «Я из деревни». Рудабельцы ведаюць Павука і як аўтара відэасюжэтаў пра заняпад вёсак раёну.
Крыніца: Супраць беспрацоўнага настаўніка Павука завялі адміністратыўную справу