У беларускай міліцыі патлумачылі дзеяньні міліцыянта, які размаўляў з чачэнкай Луізай Дудуркаевай пасьля таго, як яе фактычна зьнялі з самалёта ў Нарвэгію ды потым вярнулі ў Чачню, піша Радыё "Свабода".
Праваабаронцы мяркуюць, што пасьля Менску на радзіме Луізу Дудуркаеву чакаюць катаваньні, а магчыма, і горшае.
Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч пракамэнтаваў дзеяньні сваіх калегаў адносна Луізы Дудуркаевай:
«Яна знаходзілася ў міждзяржаўным вышуку і расшуквалася як зьніклая бязь вестак. У такіх выпадках у выпадку знаходжаньня чалавека зь яго бяруць тлумачэньне. Адносна яго ніякіх працэсуальных дзеяньняў не зьдзяйсьняецца, калі ён паўналетні і дзеяздольны, у нас няма падстаў дзеля таго, каб нешта рабіць. Тут гэтак і было. Мы толькі паведамілі пра яе знаходжаньне ініцыятару вышуку і атрымалі ад яе тыя тлумачэньні, якія неабходныя. Усё. А далей што адбылося — ня наша справа. Што міліцыя мусіла зрабіць, тое і зрабіла. Паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю існуе дамова аб сумесным вышуку асобаў, абвешчаных у вышук у нашых краінах, на падставе гэтай дамовы мы і дзейнічалі».
Наста Лойка: Была замова
Але праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка мяркуе, што беларускія міліцыянты ў гісторыі з Луізай Дудукаевай дзейнічалі паводле адмысловага загаду і «без уліку гуманітарных меркаваньняў».
«Фармальна беларускія міліцыянты нічога моцна не парушалі, хоць ёсьць пытаньне да таго, што не дапусьцілі да размовы зь ёй юрыста, які меў даверанасьць на абарону яе інтарэсаў. А ўсё астатняе — паводле агульнай схемы: чалавек у вышуку, яны яго знайшлі, павінны зь яго ўзяць тлумачэньне і адпусьціць, што фармальна і зрабілі. Але калі паглядзець на сытуацыю шырэй, на ўсе абставіны, дык для мяне відавочна, што гэта была наўпроставая замова, зьвязаная з тым, хто гэтая дзяўчына, чаму яна ўцякала з Чачні, чаму яе там перасьледуюць. І тады бачны падтэкст, які мусіць быць такі, што нават пры выкананьні фармальных працэдур, зьвязаных зь людзьмі, якія едуць празь Беларусь, праваахоўнікі мусяць ацэньваць пагрозу, якая ёсьць адносна гэтых людзей, улічваць гуманітарныя меркаваньні. Гэтага яны не зрабілі, і мне асабіста відавочна, што цяпер у Чачні Луізу чакаюць катаваньні, а магчыма, ёсьць пагроза і яе жыцьцю. Паводле маіх зьвестак, Ліза прабыла ў Менску пасьля гэтага ўсяго дзьве гадзіны, бацька меўся вывезьці яе ў Маскву, а адтуль у Грозны. Магчыма, цяпер яна ўжо там».
Праваабаронца Наста Лойка выказала папрок замежным і расейскім праваабаронцам, якія ўжывалі менавіта беларускі калідор для адпраўкі ў Эўропу Луізы Дудуркаевай, якую перасьледуюць у Чачні.
«Мне відавочна, што Беларусь у гэтым сэнсе небясьпечная краіна для людзей з Расеі, якія шукаюць паратунку ў Эўропе. Ёсьць жа ўжо прыклад Мурада Амрыева, якога вызвалілі праваахоўнікі ў Бранску, прызнаўшы, што да яго няма прэтэнзіяў, але яны знайшліся ў беларускіх праваахоўнікаў, калі Амрыеў прыехаў у Гомельскую вобласьць. Чачэнца, якога на радзіме перасьледавалі, затрымалі і павезьлі дамоў у Чачню. Ёсьць падобны прыклад затрыманьня ў Беларусі і расейскага актывіста Ўладзімера Ягорава. Таму ў мяне такі пасыл замежнікам, што гэта варта ўлічваць і, адпаведна, выбіраць маршруты не празь Беларусь», — кажа Наста Лойка.
4 верасьня ўраджэнка чачэнскага гораду Аргун Луіза Дудуркаева, якую пачалі перасьледаваць у Чачні паводле падазрэньняў у амаральных паводзінах, мелася вылецець зь Менску ў Нарвэгію разам зь юрыстам. Пасажыры ўжо прайшлі пашпартны кантроль, але міліцыянты вярнулі іх на пункт кантролю і правялі з Дудукаевай размову, на якую юрыста не дапусьцілі. Пазьней праваабаронцам стала вядома, што зь Луізай Дудуркаевай гутарылі міліцыянт зь Беларусі і яе бацька.
«Пасьля допыту Луіза выйшла да праваабаронцаў уся ў сьлязах, побач зь ёй быў яе біялягічны бацька. Падстаў для яе затрыманьня па-ранейшаму не было, аднак, каб юрыст мог і далей прадстаўляць яе інтарэсы, дзяўчына павінна была пацьвердзіць намер працягнуць сваю паездку ў прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі. Аднак дзяўчына са сьлязьмі выціснула зь сябе, што паедзе дадому», — кажуць пра далейшыя падзеі праваабаронцы зь «Вясны».
Расейскія праваабаронцы таксама лічаць, што супрацоўнікі беларускай міліцыі далі сваякам інфармацыю пра намеры Луізы Дудуркаевай і яе месцазнаходжаньне насуперак яе волі, а ў Чачні існуе пагроза яе жыцьцю.
Крыніца: Беларуская міліцыя пра ўцякачку з Чачні: «Мы толькі паведамілі пра яе ініцыятару вышуку»