У Мазыры з 1995 года дзейнічае ўстанова Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з псіханеўралагічнымі захворваннямі  “Радуга”. Зараз наведвае яго каля 50 дзяцей і дарослых, якія маюць цяжкія формы інваліднасці. Але мясцовы райвыканкам 30 сакавіка паведаміў — з 1 чэрвеня 2020 года Цэнтр будзе закрыты, а памяшканне будзе аддадзена пад дзічяцы садок. Што не так у гэтай сітуацыі і якую рэакцыю гэта выклікала?

raduga_mazyr.jpg
Цэнтр "Радуга". Фота: http://mcgp.by/

Цэнтр быў створаны ў 1995 годзе на грошы дабрачынных арганізацый з Германіі. Але яны падтрымлівалі Цэнтр і на працягу ўсяго яго жыцця:

“Штогод яны прыязджалі і  глядзелі, што патрэбна, напрыклад прафінансавалі пашырэнне дзвярных праёмаў, каб каляскі маглі праехаць”, — адзначае Ўладзімір Целяпун, праваабаронца мазырскай філіі “Вясны”.

Для кіравання Цэнтрам была створана асветніцка-грамадская арганізацыя, а зараз уласнікам з’яўляецца мазырскі райсавет, а заснавальнікам — мазырскі райвыканкам.

 “І  з нейкага часу пачалі прызначаць такіх кіраўнікоў, якія выконвалі загад вышэйстаячых кіраўнікоў”, — дадаў Ўладзімір Целяпун.

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Целяпун. Фота з сайта palesse.press

Калі бацькі дзяцей з інваліднасцю, якія наведвалі Цэнтр, даведаліся, што ён будзе ліквідаваны, то стварылі ініцыятыўнкю групу па супрацьстаянні гэтаму. Мясцовыя ўлады прапанавалі ім альтэрнатыўныя варыянты: вазіць дзяцей у дзве іншыя ўстановы ТЦСАН Мазырскага раёну і дзяржаўная ўстанова адукацыі «Мазырскі раённы цэнтр карэкцыйна – развіваючага навучання і рэабілітацыі». Але гэта ім не пасуе, бо гэтыя ўстановы — сацыяльныя, а ў Цэнтры “Радуга” аказвалася і медыцынская дапамога. Тым больш, у прапанаваных варыянтах няма нават дастатковага безбар’ернага асяроддзя. Пра гэта актыўныя бацькі заявілі, калі наведалі адну з такіх установаў.

Цікава, што ў 2016 годзе мясцовыя ўлады таксама спрабавалі закрыць Цэнтр. Але тады бацькі стварылі петыцыю і накіравалі яе ў Адміністрацыю прэзідэнта—і тады Цэнтр не закрылі. “Магчыма, менавіта з-за гэтай петыцыі”, адзначае Ўладзімір Целяпун.

Зараз жа бацькі стварылі дзе петыцыі – на petitions.by  і change.org, а вынікі накіравалі ізноў у Адміністрацыю Прэзідэнта. Але ў гэты раз бацькам прыйшоў адтуль адказ, што скарга перанакіраваная ў Гомельскі аблвыканкам. А той неўзабаве прызнаў рашэнне райвыканкама аб ліквідацыі цэнтра “Радуга” законным.

"Дасудовы парадак урэгулявання спрэчкі мы вычарпалі […].У нас ёсць прававая пазіцыя па справе для абароны сацыяльна-эканамічных правоў сваіх членаў і з ёй мы ідзем у суд”, – заявіў праваабаронца “Вясны” і прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, калі маці наведвальнікаў Цэнтра звярнуліся да яго 5 мая.

Чаму зараз зварот з петыцыяй у Адміністрацыю Прэзідэнта зараз не падзейнічаў? Праваабаронца Ўладзімір Целяпун лічыць, што тады ўлады “былі проста не гатовыя, яны вывучылі рэакцыю людзей”. А зараз жа “яны выбралі зручны час — пандэмія”, у сітуацыі чаго германскі бок з’яўляецца неактыўным.

Акрамя петыцыі, бацькі з дапамогай Уладзіміра Целяпуна накіравалі ў канцы красавіка скаргу ў пракуратуру Мазырскага раёна.  Але неўзабаве адтуль прыйшоў адказ, што гэтая скарга перанакіравана ў Мазырскі райвыканкам і Мазырскі райсавет для рэагавання.

Уладзімір Целяпун адзначае, што хоць Мазырскі райвыканкам і з’яўляецца ўласнікам Цэнтра, але ён павінен дзейнічаць у адпаведнасці законаў Рэспублікі Беларусь, хаця б у адпаведнасці з Законам “Аб нарматыўна – прававых актах”, дзе гаворыцца, што “пры планаванні, падрыхтоўцы, прыняцці і рэалізацыі нарматыўных прававых актаў улічваюць меркаванне насельніцтва і інтарэсы яго розных груп…” І менавіта гэты аргумент і ўказваўся ў скарзе ў пракуратуру.

Фота: gomelspring.org
Фота: gomelspring.org

“Мая дачка наведвала Цэнтр 12 гадоў. Калі яна перастане праходзіць рэабілітацыю, якая там была, то ёй проста стане горш”,распавяла адна з маці ў інтэрв’ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму, які размясціў размову з зацікаўленымі ў Цэнтры бацькамі на сваім youtube-канале.

Як адзначыў Уладзімір Целяпун, першапачаткова блогер хацеў весці менавіта стрым, але “паўсюль адключылі інтэрнэт”. Пазней, калі блогер выехаў, стала вядома, што па дарогах краіны яго пераследавала міліцыя.

У тым, што Цэнтр “Радуга”, які адначасова спалучае у сабе рэабілітацыю і сацыялізацыю, закрываць, ёсць і парушэнне Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю:

“У Канвенцыі напісана, што ўмовы для людзей з інваліднасцю павінны паляпшацца, а не пагаршацца. А калі нават для аднаго чалавека ўмовы будуць пагоршаны, то гэта і ёсць парушэнне Канвенцыі”, — упэўнены праваабаронца.

“Гэтая ўся сітуацыя [дэманструе — заўв.] маральнае дно нашай улады. Замест таго, каб усё зрабіць лепш і ісці на дыялог, яны ў прыказным парадку проста адбіраюць. У цывылізаваным грамадстве так не робіцца, але ў нас усё магчыма”.

Крыніца: “Маральнае дно нашай улады”. У Мазыры ўлады закрываюць цэнтр для людзей з інваліднасцю