Пасля 25 сутак арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на волю выйшаў актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў.
Яго сустракалі палітыкі, грамадскія актывісты і сябры. Адразу пасля вітальных слоў Кулакову сябры перадалі новыя позвы і сумную навіну пра канфіскацыю ягонага аўтамабіля. Ужо праз 2 дні актывіста чакае чарговы суд.
Леанід Кулакоў не шкадуе пра сваё затрыманне і арышт:
"У той дзень, 25 сакавіка, я мусіў быць разам з усімі, побач з іншымі, хто адзначае Дзень Волі, са сваім народам".
Леанід Кулакоў коратка распавёў журналістам пра суд і ўмовы ўтрымання ў ЦІПе:
"Не было ані асадак, ні алоўка, ні паперы. Напісаць нічога не мог, нават скаргу на судовую пастанову. Таксама мне не перадалі ніводнага ліста альбо паштоўкі з волі.
Харчаванне было здавальняючае, але я амаль нічога не еў, толькі кашу, альбо бульбяное пюрэ, астатняе аддаваў сукамернікам. Таксама дзяліўся з імі цыгарэтамі.
За 25 сутак я пабываў у чатырох камерах, звычайна па 5-6 чалавек?, пры гэтым на прагулкі выводзілі вельмі рэдка".
27 сакавіка ў судзе Савецкага раёна адбыўся разгляд справы грамадскага актывіста Леаніда Кулакова, які быў затрыманы 25 сакавіка і абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Суддзя Марыя Фёдарава пакарала яго найбольшым арыштам - 25 сутак.