30 базавых велічынь штрафу, што складае 645 рублёў, атрымаў актывіст Леанід Кулакоў за адзіночны пікет у падтрымку лідэраў незалежных прафсаюзаў, паведамляе "Радыё Свабода".
Напярэдадні былі арыштаваныя лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП, у тым ліку Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, а ў офісе РЭП прайшлі ператрусы. З гэтай нагоды Леанід Кулакоў 14 жніўняправёў адзіночны пікет каля станцыі мінскага метро «Парк Чалюскінцаў» і размясціў у інтэрнэце фатаздымак з гэтага пікету, на якім ён трымае плакат з надпісам: «Прэч брудныя рукі ад незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці РЭП».
4 верасня актывіста судзілі ў Першамайскім судзе Менску.
«Пасьля працэсу я спытаў у суддзі, ці дапамагаў ёй калі-небудзь той афіцыйны прафсаюз, у якім яна знаходзіцца, і заклікаў уступаць у незалежны прафсаюз, бо толькі там можна атрымаць сапраўдную дапамогу. Адказала, што падумае», — кажа Леанід Кулакоў.
2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і выманне кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусцілі, а Комліка змясцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз тры дні — у СІЗА № 1.
10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачванне паводле артыкула 243, частка 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачаньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Фядынічу і Комліку пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Крыніца: Леаніда Кулакова аштрафавалі на 645 рублёў за пікет салідарнасці з прафсаюзам РЭП