Ларыса Шчыракова. Фота: gomelspring.org 13 красавіка ў судзе Гомельскага раёна адбудзецца суд над журналісткай Ларысай Шчырокавай. Яе абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ паводле арт. 22.9 КаАП, якая прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь (1350 руб).

Як паведамляе "Гомельская Вясна", журналістцы інкрымінуюць стварэнне рэпартажу з пратэстнай акцыі «Кармленне галубоў або прагулка па набярэжнай», які 1 сакавіка трансляваўся па спадарожнікавым канале «Белсат». З ініцыятывы блогера Сяргея Ціханоўскага кожную нядзелю некалькі дзясяткаў гамельчукоў наведваюць набярэжную Сожа, гутараць з журналістамі і блогерамі, распавядаюць аб праблемах, абмяркоўваюць сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне.

"Будучую судовую расправу я лічу спробай улады запалохаць не толькі мяне, але і ўсе незалежныя СМІ ў разгар эпідэміі каранавіруса і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі", – кажа Ларыса Шчыракова.

Яна таксама дадала, што і дату суда ідэолагі прызначылі не выпадкова. – 13 красавіка ў мяне дзень нараджэння, вось і вырашылі паднесці мне падарунак!

Праваабаронца і юрыст БАЖ Леанід Судаленка падкрэслівае, што апошнім часам у гомельскім рэгіёне не было выпадкаў пераследу журналістаў-фрылансераў за іх прафесійную дзейнасць.

"Мабыць ідэолагі ў разгар эпідэміі не могуць знайсці сабе заняткаў, вось і ўзяліся за старое. У снежні мінулага года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў у некалькіх рашэннях беларускую ўладу адказнай за пераслед журналістаў у краіне, тым не менш, улада зноў наступае на старыя граблі", – заявіў адвакат правоў чалавека.

Ён рэкамендуе Ларысе Шчыраковай далучыць у матэрыялы справы рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека №2955/2017(Кастусь Жукоўскі супраць Беларусі), па якім наша краіна абавязаная не пераследваць журналістаў у будучыні, перагледзець нацыянальнае заканадаўства і практыку яго прымянення для няўхільнага забеспячэння права кожнаму на свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі.

"Няхай суддзі вывучаюць і робяць высновы, ці трэба сёння назапашваць сабе праблемы ў будучыні", – дадаў Судаленка.

Нагадаем, раней Ларысу Шчыракову прыцягвалі да адказнасці па арт 22.9 КаАП больш за 20 разоў. Апошні суд па гэтым артыкуле ў яе быў у 2018 годзе. Журналістку штрафавалі, яна падвяргалася псіхалагічнаму ціску і запалохванню за сваю прафесійную дзейнасць. Пратэстуючы, яна прыходзіла ў суд з сімвалічнай пятлёй на шыі, а падтрымлівалі яе ў судах некалькі дзясяткаў актывістаў.

Крыніца: У разгар эпідэміі гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову чакае суд