Мікалай Дзядок ў залі суда 1 верасня ў 10.00 у судзе Савецкага раёна г. Мінска працягнецца разгляд справы па позве былога палітвязня Мікалая Дзядка да рэдакцыі інтэрнэт-выдання “СБ. Беларусь Сёння” аб абароне гонару і годнасці.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Жданок. На папярэднім паседжанні выступілі пазоўнік і адказчыкі – аўтар артыкулу Андрэй Мукававозчык і рэдактар юрыдычнага адзела газеты Аляксей Шпілеўскі.

Сёння ж у працэсе адказчыкі прадставяць свой водгук, а таксама суд апытае сведак.

Нагадаем, 29 траўня ў артыкуле “Анархія, маць…”, які на інтэрнэт-сайце газеты “СБ. Беларусь сёння” за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, была размешчана непраўдзівая інфармацыя пра тое, што Мікалай Дзядок атрымаў свой турэмны тэрмін за атаку «кактэйлямі Молатава» расейскай амбасады ў Мінску. Былы палітвязень палічыў, што неадпавядаючыя рэчаісцасці звесткі прыніжаюць яго гонар і годнасць, і звярнуўся ў суд з патрабаваннем іх абароны і кампенсацыі маральнай шкоды.

Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска 27 траўня 2011 года да 4,5 гадоў зняволення па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (“хуліганства, здзейсненная групай асобаў”). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Крыніца: Мікалай Дзядок vs СБ. Беларусь сёння: Ці абароніць суд гонар і годнасць анархіста?