12 сакавіка Праваабарончы цэнтр "Вясна" узнагароджаны штогадовай прэміяй АБСЕ "Абаронца дэмакратыі". 

"З гонарам абвяшчаем пра атрыманне неўрадавай арганізацыяй Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэміі “Абаронца дэмакратыі” за 2020 год за місію ў абароне правоў чалавека ў Беларусі і пабудове справядлівага і дэмакратычнага грамадства для ўсіх грамадзянаў”.

U.S. Mission to OSCE

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што прэмія АБСЕ “Абаронца дэмакратыі” з’яўляецца надзвычай важнай як для сяброў “Вясны”, так і для ўсіх беларускіх праваабаронцаў:

"Вось ужо на працягу 24 гадоў ПЦ “Вясна” мужна і стойка бароніць правы беларускіх грамадзянаў ў складаных і непрыяльных умовах. Беларускія ўлады пазбавілі нас дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, такім чынам ігнаруючы нас, не зважаючы на тыя каласальныя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у Беларусі. Але гэта не замінае нам дапамагаць і абараняць правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, людзей у месцах несвабоды, прадстаўнікоў уразлівых групаў, актыўна выступаць супраць смяротнага пакарання, змагацца за права на чыстую зямлю і паветра, за правядзенне справядліваых і празрыстых выбараў".

На думку Алеся Бяляцага, гэтая прэмія з’яўляецца ясным сігналам беларускім уладам пра неабходнасць правядзення сур’ёзных рэформаў у галіне абароны правоў чалавека і істотным паляпшэнні сітуацыі з правамі і свабодамі беларускіх грамадзянаў.

"Пакуль мы не дасягнулі нашых мэтаў, мы не збіраемся складаць рукі. Рэпрэсіі супраць беларускіх праваабаронцаў не спыняць нашую працу на карысць дэмакратыі і правоў чалавека ў нашай краіне.

Мы ўдзячныя краінам АБСЕ, якія намінавалі ПЦ “Вясна” на прэмію “Абаронца дэмакратыі”. Мы верым, што бясстрашныя і ўпартыя намаганнні праваабаронцаў у рэгіёне АБСЕ, не гледзячы на перашкоды, здолеюць зрабіць наш свет крыху лепшым”, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Раней прэмію “Абаронца дэмакратыі” атрымлівалі расійскі рух "Голас", сербская няўрадавая арганізацыя "Цэнтр даследаванняў, празрыстасці і справаздачнасці" (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр “Вясна” узгароджаны прэміяй АБСЕ