Як паведамляе "Віцебская Вясна", на электроннай пляцоўцы "Зручны горад" з'явілася петыцыя, аўтары якой просяць начальніка Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ Алега Маткіна дазволіць перадачу лекаў з прапанаванага спісу ў любы час – аж да поўнага знікнення небяспекі распаўсюду каронавіруснай інфэекцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

«Улічваючы, што дагэтуль не вынайдзеныя эфектыўныя лекі ад каронавірусу, а лячэнне праводзіцца як пры ВРВІ, просім спрасціць працэдуру перадачы лекавых сродкаў у месцы пазбаўлення волі», – гаворыцца ў пэтыцыі.

У спісе лекаў, які сваякі і блізкія зняволеных прапануюць зацвердзіць для перадачы ў месцы пазбаўлення волі – супрацьвірусныя, гарачкапаніжальныя, болеспатольныя, супрацьзапаленчыя сродкі, лекі ад кашлю, насмарку, атыту ды вітамінныя комплексы.

Просяць таксама, каб на перыяд небяспекі асобам, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, было дазволена мець гэтыя лекі пры сабе.

Электронны зварот будзе накіраваны ў Дэпартамент выканання пакарання і Міністэрства аховы здароўя РБ. За некалькі дзён пэтыцыю падпісалі больш за 120 чалавек. Электронны зварот можна падпісаць цягам тыдня.

Як перадаюць СМІ, у Іране праз распаўсюд каронавірусу з-за кратаў часова вызвалілі 70 тысяч вязняў.

Крыніца: Сваякі зняволеных просяць спрасціць перадачу лекаў у калоніі і турмы