Ганна, сястра асуджаных да смяротнага пакарання братоў Косцевых Сястра асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых просіць падпісаць петыцыю да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб памілаванні асуджаных і замене ім прысуду на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне.

Нагадаем, 10 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў – 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых.

Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі вынесеныя смяротныя прысуды і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да поўнай адмены такога віду пакарання.

У петыцыі Ганна Косцева піша, што разумее, што яе браты здзейснілі непапраўнае злачынства, але просіць прэзідэнта праявіць міласэрнасць да іх і захаваць жыццё, паколькі ў яго ёсць на гэта ўлада і права.

"Злітуйцеся над маімі братамі, не пазбаўляйце іх жыцця, дайце ім адзіны і апошні шанец усвядоміць здзейсненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасць хоць бы зрэдку бачыцца з імі, з жывымі", – звяртаецца Ганна Косцева да прэзідэнта.

Прадстаўнікі грамадскасці і праваабаронцы далучаюцца да петыцыі і просяць праявіць гуманізм і замяніць вынесеныя смяротныя прысуды на доўгія тэрміны пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

"Мы, прадстаўнікі Праваабарончага центра “Вясна” безумоўна далучаемся да петыцыі ў падтрымку просьбы Ганны аб памілаванні прыгавораных да смерці двух яе братоў – Іллі і Станіслава Косцевых.

Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзянаў нашай краіны, да ўсіх, хто лічыць жыццё чалавека найвышэйшай каштоўнасцю, хто выступае супраць забойства чалавека, у тым ліку ад імя дзяржавы, далучыцца да падтрымкі гэтай петыцыі. Падпісаўшы яе мы прадэманструем, што далёка не ўсе ў Беларусі гатовыя пляскаць у далоні чарговаму вынесенаму смяротнаму прысуду. 

Мы не просім аб дараванні, бо дараваць учыненае братамі забойства нельга, але аб літасці. Давайце разам паспрабуем уратаваць хаця б гэтыя, яшчэ зусім маладыя чалавечыя жыцці".

Падпісаць петыцыю

"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання з Чэрыкава

"Вясноўцы" з'ездзілі ў Чэрыкаў і пагаварылі з сястрой асуджаных да смяротнага пакарання Ганнай. Як смяротны прысуд стаў прысудам для ўсёй сям'і — чытайце ў рэпартажы.

Крыніца: "Дайце ім апошні шанец усвядоміць здзейсненае". Ганна Косцева просіць захаваць жыццё братам