Вольга Жураўская. Фота: "Наш Дом". У дачыненні да відэаблогеркі Вольгі Жураўскай («Снимать разрешено») распачатая крымінальная справа за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК РБ). Блогерцы пагражае да трох гадоў абмежавання волі.

Як паведамляе "Віцебская Вясна", крымінальную справу на падставе арт. 369 КК распачалі супраць Вольгі Жураўскай ў АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.

Паводле пастановы, блогерка разьмясціла на сваім ютуб-канале відэаролік «Няпрошаныя госці/Працяг гісторыі», а таксама камэнтар да яго, у якіх маюцца выказванні з негатыўнай ацэнкай старшага інспэктара аддзелу аховы правапарадку маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. Тым самым, на думку міліцыянтаў, Жураўская «публічна абразіла апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

Як мяркуе сама блогерка, міліцыянта Шчаглова абразіў верш у камэнтарах пад відэа, які быў апублікаваны, як сцвярджае Жураўская, адным з падпісчыкаў каналу. Па словах Жураўскай, аўтар камэнтару ўжыў у вершы слова «казёл» і параўнаў супрацоўніка міліцыі з гамадрылам.

Блогерка запэўнівае, што вершаваны каментар пісала не яна, а сам верш быў пазней кімсьці выдалены. Прычым выдалілі яго ў той час, калі аўтарка блогу ня мела доступу да свайго каналу.

У снежні 2019 году блог «Здымаць дазволена» на youtube быў узламаны невядомымі асобамі. Крыху пазней у кватэры блогеркі адбыўся ператрус, падчас якога міліцыянты канфіскавалі ўсю тэхніку. Па словах Жураўскай, усе яе відэакамэры і кампутары дагэтуль знаходзяцца ў Следчым камітэце.

Між тым, у відэароліку «Няпрошаныя госці» гучаць таксама словы «мудак» і «хрэн». Але паводле Жураўскай, лінгвістычная экспертыза, праведзеная падчас праверкі па папярэдняй заяве міліцыянта Шчаглова, не прызнала іх зневажальнымі. Праверка праводзілася на датычнасць блогеркі да злачынства паводле арт. 189 КК (Абраза). Крымінальная ж справа заведзеная на падставе арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

«Следчы мне сказаў, што такое было распараджэнне зьверху. Дык будуць, значыцца, капаць усё. Ну, сцвярджаць не магу, але, відаць, хочуць мяне пакараць», – кажа Вольга Жураўская.

Крыніца: За верш у камэнтары на блогерку «Снимать разрешено» завялі крымінальную справу