Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” працягваюць кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Яны дамагаюцца выканання санітарных нормаў у пенітэнцыярных установах Беларусі. У гэты раз магілёўскія праваабаронцы звярнуліся з адпаведнай заявай у суд. Але суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў ім ва ўзбуджэнні справы, спасылаючыся на непадведамаснасць. Пра гэта піша mspring.online. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных стандартаў працягваюць выкарыстоўваць, гэтак званыя “металічных жалюзі” ці “раснічкі”. З-за такіх “раснічак” у камеру не трапляе натуральнае святло. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў прыводзіць да пагаршэння зроку арыштаваных.
- На вокнах Магілёўскай турмы №4 можна ўбачыць "раснічкі", пра якія ідзе гаворка ў тэксце. Фота: spring96.org
Чаму “раснічкі” трэба тэрмінова прыбраць з турмаў і калоній?
Праваабаронцы адзначаюць, што выкарыстанне гэтых жалезных жалюзі на вокнах пенітэнцыярных установаў незаконна, бо прыводзіць да грубага парушэння санітарных норм і правілаў.
Праваабаронцы “Магілёўскай вясны” абыйшлі ўжо некалькі інстанцый, уключаючы Дэпартамента фінансаў і тылу МУС. Яны патрабавалі ад МУС зрэзаць з вокнаў следчых ізалятараў і турмаў металічныя жалюзі. Ім адказалі, што ў будучым пры правядзенні рамонтных прац будзе рэалізавана норма па выкарыстанню «іншых альтэрнатыўных інжынерных загарод, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне». Але ніякай канкрэтыкі ў гэтым адказе не ўглежваецца.
На гэты адказ яны і накіравалі скаргу ў суд. Аднак суддзя Маскоўскага раёна Мінска Паліна Анціпчук адмовіла ва ўзбуджэнні справы, абгрунтаваўшы гэта непадведамаснасцю.
Што пра гэта думаюць праваабаронцы?
Актывіст магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксандр Буракоў, які з’яўляўся адным з заяўнікаў, пракаментаваў адказ суда, што не быў здзіўлены такім развіццём падзей. Праваабаронца паведаміў, што яны будуць абскарджваць адмову суда ў вышэйстаячай інстанцыі.
Больш за тое, адзначае Буракоў, гэта не адзіная праблема з якой сутыкнуліся праваабаронцы на сённяшні дзень. Напрыклад, у раней атрыманым лісце ад намесніка міністра аховы здароўя Вячаслава Шылы гаворыцца, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва” арганізацыя ведамаснага кантролю ўскладаецца на Галоўнага санітарнага лекара МУС Рэспублікі Беларусь. Але, як апынулася, у Беларусі ўвогуле няма такой пасады, хоць яна і прадугледжана заканадаўствам.
Магілёўскія праваабаронцы вырашылі дзейнічаць па беларускаму заканадаўству: яны рыхтуюць заяву на адрас менавіта Галоўнага санітарнага лекара МУС.
«І потым мы паглядзім, хто і як на яго адкажа», – адзначае Аляксандр Буракоў.
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка таксама бачыць, што ў дадзенай сітуацыі заблыталіся самі прадстаўнікі дзяржаўных органаў.
«Сцісла сітуацыю можна апісаць так: навошта ўнікаць у сутнасць праблемы, калі можна гэтую праблему проста адфутболіць.
Пасля заявы ў МУС, у адказ само МУС заяўнікам прапанавала за пошукам праўды звяртацца ў суд. А ў судзе альтэрнатывы не прапанавалі. Выхад пакуль бачыцца адзіны – абскардзіць адмову суда ва ўзбуджэнні справы ў вышэйстаячы суд. Вынік разгляду прыватнай скаргі пакажа, ці ёсць у справы перспектыва ўсё ж быць разгледжанай судом.
А калі разглядаць сітуацыю з пункту гледжання правоў чалавека, то з міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах мы ведаем, што кожны мае права звярнуцца ў суд для вызначэння яго правоў і абавязкаў, і пры гэтым разлічваць на справядлівае публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом .
Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якую прыняла Генеральная Асамблея ААН, аб захаванні палажэнняў якой нядаўна заяўляла Беларусь, абвяшчае, што кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае права «у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі».
Але наша заканадаўства аб зваротах грамадзян і грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства не сінхранізавана: у ГПК па-старому гаворыцца аб абскарджанні дзеянняў, якія «ўшчамляюць» права. Паводле закона «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў», заява – гэта паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопам у рабоце дзяржаўных органаў.
А абскарджанне – гэта патрабаванне аб аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка, парушаных дзеяннямі (бяздзейнасцю) арганізацый, грамадзян. Вось і разбярыся, што там у каго “ўшчамляе» выяўленыя заяўнікам парушэнне».
Магілёўскія Watch dogs: за што ім можа сказаць “дзякуй” Лукашэнка
Крыніца: Суд не захацеў разбірацца з турэмнымі "раснічкамі". Што далей? Відэа