Мікіта Емельянаў і Іван Комар у судзе. Фота: "Наша ніва". У судзе Савецкага раёна Мінска 12 лютага будзе абвешчаны прысуд па справе актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара. Пачатак паседжання прызначаны на 14-30.

Емельянаў і Комар былі затрыманыя 20 кастрычніка 2019 года, адразу пасля інцыдэнту са спробаў падпалу дзвярэй ў СІЗА №1.

Судовы працэс над актывістамі анархісцкага руху Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам пачаўся ў судзе Савецкага раёна Мінска 6 лютага. Суддзя – Аляксандр Якунчыхін.

Сутнасць абвінавачвання

На судзе стала вядома, што 19-гадовых юнакоў вінавацяць адразу па некалькі артыкулах крымінальнага кодэксу РБ.

Эпізод 1.

Паводле следства, напрыканцы верасня 2019 года Емельянаў і Комар закідалі лямпачкамі, запоўненымі фарбай, будынак Мінскага гарадскога суда, дзе ў гэтыя дні праходзіў суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам. Учынак быў расцэнены як псаванне маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэксу - апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Фарба на сцяне Мінскага гарадскога суда. Фота з сацыяльных сетак.

Дарэчы, страты ад забруджвання «лямпачкай з чырвонай фарбай» сцяны Мінгарсуда, якія былі ацэнены ў 143 рублі, падсудныя кампенсавалі, таму пазову суд не выстаўляў.

Эпізод 2.

Як вынікае з абвінавачвання, у кастрычніку Емельянаў і Комар вырабілі “гаручы кактэйль”, перавозілі ўсе кампаненты кактэйлю, а ў першай палове кастрычніка прыехалі да СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску і спрабавалі падпаліць уваходныя дверы. Аднак сумесь не ўспыхнула. Затым, прыкладна праз тыдзень, яны паўтарылі спробу. У выніку падпалу памяшканню быў нанесены ўрон на суму 1 рубель 48 капеек. Гэтыя дзеянні падпадаюць пад частку 3 арыткула 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеянні з прадметамі, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў у складзе групы).

Апроч гэтага, следства палічыла што меў месца замах на наўмыснае пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой з’яўляецца Пішчалаўскі замак, дзе месціцца СІЗА №1 (артыкул 344 Крымінальнага кодэксу).

 У судзе Мікіта Емяльянаў прызнаў віну часткова, Іван Комар цалкам не прызнаў віны ў нападзе на будынкі, хоць і не адмаўляў, што здымаў на відэа напад Емяльянава на «Валадарку».

Раней ён заявіў, што першапачатковыя паказанні даваў пад ціскам супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

Ці быў ціск на абвінавачаных?

Паводле слоў падсуднага Івана Комара, ад яго патрабавалі прызнацца ў нападах на ізалятар на вуліцы Валадарскага і на Мінгарсуд, збівалі ў камеры і нават пагражалі згвалтаваннем.

«21 кастрычніка мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, у камеру, якую ўсе завуць „прэс-хатай“ - дзе выбіваюць паказанні", прызнаўся Комар на судзе. Нібыта яго збіваў сукамернік і, пагражаючы згвалтаваннем, прымусіў напісаць яўку з павіннай.

Дзяржаўны абвінаваўца Максім Сеніў 11 лютага папрасіў суд пакараць актывістаў 7 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Крыніца: Справа Емельянава і Комара. У чаканні прысуду Фота