У панядзелак, 3 лютага ў Амбасадзе Літвы грамадскія і палітычныя актывісты сустрэліся з міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам. На сустрэчы прысутнічалі палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Мікола Статкевіч, Анатаоль Лябедзька, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько і іншыя. Ад беларускай праваабарончай супольнасці былі старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт Алег Гулак. Падчас сустрэчы палітыкі і грамадскія дзеячы ўзнялі шматлікія пытанні, датычныя палітычнай, эканамічнай і грамадскай сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, што пытанне незалежнасці Беларусі на сёння з’яўляецца ключавым пытаннем для грамадзянскай супольнасці.

akryvisty_belarus_litva.jpg
Беларускія грамадскія і палітычныя актывісты з міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам

"Важна любая падтрымка палітычнай і эканамічнай самастойнасці краіны, але яна не павінна быць безумоўнай. Яна мусіць быць моцна ўвязаная з правамі чалавека ў Беларусі, з крокамі па пабудове дэмакратычнага грамадства. Ёсць чырвоныя лініі, якія беларускім уладам нельга парушаць пры любых абставінах. У прыватнасці, гэта з’яўленне новых палітычных зняволеных, масавыя рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў", — падкрэсліў падчас сустрэчы старшыня ПЦ "Вясна".

Алесь Бяляцкі заўважыў, што падпісанне Базавай дамовы паміж ЕС і Беларуссю, якая неадназначна ўспрыймаецца сёння літоўскімі палітыкамі, умацавала бы суверэнітэт Беларусі, узмацніла бы пазіцыі грамадзянскай супольнасці ў краіне, і ў перспектыве, паспрыяла вырашэнню пытання з функцыянаваннем Беларускай АЭС.

Крыніца: Пра што размаўляла грамадзянская супольнасць з міністрам замежных спраў Літвы?