Праваабарончы цэнтр "Вясна" прэзентаваў 30 студзеня новую кнігу серыі “Беларуская турэмная літаратура” — успаміны палітвязня Сяргея Скрабца “Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка”. Прэзентацыя адбылася ў межах вечарыны Беларускага ПЭН-цэнтра салідарнасці з творцамі, якія праходзяць цяпер праз судовы канвеер за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У імпрэзе, акрамя аўтара кнігі Сяргея Скрабца, узялі ўдзел мастак Алесь Пушкін, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі і праваабаронца Алесь Бяляцкі. Падчас імпрэзы былы палітвязень Сяргей Скрабец адзначыў, што прэзентаваная кніга будзе карысная тым, "хто збіраецца за краты, ці не збіраецца".
- Мастак Алесь Пушкін, былы палітвязень Сяргей Скрабец, літаратар Лявон Баршчэўскі, праваабаронца Алесь Бяляцкі на прэзентацыі кнігі. Фота: spring96.org
Мастак Алесь Пушкін прадставіў на вечарыне “Турэмны альбом” — малюнкі і занатоўкі, зробленыя ў ізалятарах Смаргоні і Акрэсціна падчас адбыцця арышту за правядзенне акцыі ўшанавання памяці змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. На прэзентацыю ён прыйшоў з пафарбаванымі ў чырвоны колер рукамі. Сваім перформансам мастак хацеў прыцягнуць увагу да крымінальнай справы маладофрантаўца Філіпа Шаўрова за тое, што ён пафарбаў чырвоным рукі помніку рускаму пісьменніку Аляксандру Пушкіну.
- Мастак Алесь Пушкін у Беларускім ПЭН-цэнтры падчас перформанса з чырвонымі рукамі. Фота: spring96.org
Перакладчык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі выказаўся пра суды, якія цяпер актыўна адбываюцца над удзельнікамі і ўдзельніцамі снежаньскіх антыінтэграцыйных акцый. Характэрна, што днямі самога літаратара суд Цэнтральнага раёна г. Мінска аштрафаваў за мірную акцыю супраць інтэграцыі на 30 базавых велічыняў. Лявон Баршчэўскі параўнаў беларускія судовыя працэсы з творам Франца Кафкі "Працэс", перакладам на беларускую мову якога нядаўна займаўся.
"Гэты працэс будзе заўсёды, і ты ніколі не апраўдаешся. Можаш пісаць скаргі бясконца, але яны будуць знікаць", — адзначыў літаратар.
Крыніца: Перформанс Пушкіна, роздумы Скрабца і Кафка ад Баршчэўскага. Фотарэпартаж Фота