Зміцер Казлоў ("Шэры кот") Блогера Зміцера Казлова (“Шэры кот”), які 21 студзеня выйшаў на волю пасля 25 сутак арышту, зноў выклікалі ў міліцыю. Начальнік міліцыі горада Барані Валчкоў папрасіў Казлова прыйсці для азнаямлення з пастановай суда, якая прыйшла з Мінску. “Шэры кот” плануе пайсці ў міліцыю ў 14 гадзін 24 студзеня.

Верагодна, міліцыянт меў на ўвазе пастанову суда Маскоўскага раёна Мінска ад 26 снежня, згодна з якой блогер атрымаў яшчэ 15 сутак арышту. Пра такі вынік ён даведаўся толькі 23 студзеня.

Па меркаванні Казлова, ёсць вялікая верагоднасць, што з міліцыі яго адправяць у ізалятар далей адбываць суткі арыштаў, якіх у яго засталося 80. “Шэры кот” плануе прыйсці ў міліцыю са ўсемі неабходнымі для “сутак” рэчамі.

Нагадаем, што Зміцер Казлоў быў затрыманы ўвечары 25 студзеня. На наступны дзень у судзе Аршанскага раёна яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня і адправілі адбываць 15-суткавы арышт. Падчас знаходжання пад вартай яго асудзілі яшчэ пяць разоў, і на кожным судзе ён атрымліваў новыя 15 сутак. Увечары 21 студзеня блогер нечакана выйшаў на волю. Казлоў патлумачыў, што яго часова адпусьцілі, паведаміўшы, што ў ізалятары нібыта будзе праводзіцца дэзінфекцыя.

За што і калі судзілі “Шэрага ката”?

  • 26 снежня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.
  • 26 снежня, суд Маскоўскага раёна Мінска (завочна) – 15 сутак за ўдзел у акцыі 7 снежня.
  • 9 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за ўдзел у акцыі 21 снежня.
  • 10 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 снежня.
  • 13 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 29 снежня.
  • 15 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 21 снежня.
  • 16 студзеня, суд Аршанскага раёна – 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 20 снежня
  • 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска мусіць адбыцца суд за ўдзел у акцыі 8 снежня.

Агулам блогер атрымаў 105 сутак арышту.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай наконт адміністрацыйнага пераследу Зміцера Казлова. Праваабаронцы выказваюць пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера і патрабуюць адмены ўсіх вынесеных у дачыненні да Змітра пастаноў. Яны нагадваюць, што ў выпадку працягу арышту блогер будзе лічыцца палітычным зняволеным.

Патрабуем неадкладна спыніць пераслед Дзмітрыя Казлова

Супольная заява праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: “Шэрага ката” выклікалі ў міліцыю. Ці вернецца ён?