Рэгіянальны прадстаўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяргей Гоўша не змог заключыць дамову з жыллёва-эксплуатацыйным упраўленнем у Баранавічах па прычыне адсутнасці беларускамоўных бланкаў дамовы.
Ва ўпраўленні яму паведамілі, што бланкі дамоваў дасылаюць з міністэрства толькі на рускай мове, паведамляе Радыё Рацыя.
– Ну дык кажу: «Пішыце, патрабуйце ў міністэрства, каб там рыхтавалі на дзвюх мовах. Калі будзе, вы мне патэлефануйце, тады я прыйду, падпішу на беларускай мове», – паведаміў Сяргей Гоўша. – Ужо прайшло больш за месяц, але да гэтага часу мяне пакуль не завуць. Але я іх усё роўна прымушу.
Па словах Сяргея Гоўшы, у свой час ён прымусіў заключыць дамову на беларускай мове праектны інстытут «Брэстгіпразем» і Ляхавіцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.
Крыніца: Сяргей Гоўша не можа скласці дамову з камунальнікамі, бо няма бланка на беларускай мове