Раней Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядаў гісторыю Ягора М., якога 15 снежня 2019 года затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка ў Палацы воднага спорту і больш за 13 гадзінаў пратрымалі ў камеры РУУС Першамайскага раёна без ежы і цёплых рэчаў. Ягор М. з дапамогай юрыстаў «Вясны» ужо накіраваў скаргі на незаконнае затрыманне, правядзенне асабістага дагляду без панятых і ўмовы ўтрымання ў камеры РУУС у пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска і заяву аб ўзбуджэнне крымінальнай справы ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС

Непрыемная сітуацыя адбылася з Ягорам М. ў Палацы воднага спорту ў Мінску вечарам 15 снежня 2019 года. Калі мужчына выйшаў з душавой ў распранальню, да яго падышоў Генадзь Казакоў і спытаў, ці не знаходзіў той у сваёй шафцы залаты ланцужок. Ягор адказаў адмоўна.

19 снежня мужчына падаў скаргу на сваё затрыманне ў суд Першамайскага раёна г. Мінска праз РУУС гэтага ж раёна ў парадку арт. 143 і 144 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Кожны дзень Ягор М. тэлефанаваў у РУУС: спачатку, каб высветліць зыходны нумар скаргі, затым – даведацца, ці адпраўленая скарга і матэрыялы справы ў суд. Паралельна мужчына тэлефанаваў і ў суд: ўдакладніць, ці паступіла скарга для судовай праверкі законнасці яго затрымання. І толькі 3 студзеня Ягору М. у судзе паведамілі, што яго скаргу вярнулі назад у Першамайскі РУУС для ліквідацыі недахопаў «у сувязі з тым, што адказная службовая асоба не перадала разам са скаргай ўсе матэрыялы крымінальнай справы».

Пры гэтым у ч. 3 арт. 143 КПК дакладна вызначаныя тэрміны перадачы скаргі ў суд:

«Орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны ў дачыненнi да затрыманага на працягу 24 гадзін з моманту атрымання скаргі накіраваць яе ў суд з даданнем матэрыялаў крымінальнай справы, якія пацвярджаюць законнасць і абгрунтаванасць затрымання».

Да гэтага часу судовая праверка законнасці і абгрунтаванасці прымянення затрымання Ягора М. праведзеная не была.

Пасля гэтага мужчына звярнуўся са скаргай да начальніка Першамайскага РУУС г. Мінска Андрэя Бакача.

«Мяркую, што прычынай парушэння майго працэсуальнага права «абскардзіць у суд затрыманне», прадугледжанага п. 17 ч. 2 арт. 41 КПК Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца бяздзейнасць службовай асобы УУС Адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска, на якую ўскладзеныя абавязкі па своечасовай перадачы маёй скаргі ў суд разам з матэрыяламі крымінальнай справы», - падкрэслівае ў сваёй скарзе Ягор М.

Ён просіць прызнаць неправамернай бяздзейнасць службовай асобы, якая з'яўляецца адказнай за перадачу скаргі ў суд, што выявілася ў парушэнні працэсуальных тэрмінаў, устаноўленых ч. 3 арт. 143 КПК, а таксама няпоўнай перадачы матэрыялаў крымінальнай справы, і прыцягнуць яе да дысцыплінарнай адказнасці.

Разам з тым Ягор М. падаў хадайніцтва ва Упраўленне ўнутраных спраў Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска, у якім просіць вынесці пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу супраць яго ў сувязі з не здзяйсненнем дзеі, якая прад'яўлялася яму ў падазрэнне.

Крыніца: Тры тыдні замест 24 гадзін: як РУУС зацягвае судовую праверку законнасці затрымання