Як стала вядома Праваабарончаму сайту "Вясна", блогераў Сяргея Ціханоўскага з Гомеля і Дзмітрыя Казлова з Оршы, а таксама палітыка Паўла Севярынца пасля 15-суткавых арыштаў ізноў адпраўляюць за краты. 10 студзеня ў блогера youtube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага заканчваецца арышт, да якога яго прысудзілі 27 снежня ў судзе Савецкага раёна г. Гомеля. Але сёння ж яго ізноў прывезлі ў той жа суд на новы адміністрацыйны працэс. Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, судзілі блогера за ўдзел і асвятленне мінскай акцыі 20 снежня. Суд вынес рашэнне аб накіраванні Сяргея Ціханоўскага ў ІЧУ для адбыцця новых 15 сутак арышту. Такім чынам на волю ён выйдзе ажно 26 студзеня.
Пра вынясенне новых судовых рашэнняў у дачыненні да Паўла Севярынца паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Вольга Кавалькова:
Палітык гэтай ноччу быў выпушчаны з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, аднак на 12 гадзін 10 студзеня над ім былі прызначаныя новыя судовыя працэсы.
Сёння мяне паднялі ў камеры ўначы і загадалі без тлумачэнняў сабраць рэчы. На калідоры ўжо чакалі двое ў цывільным. Ну, думаю, на чарговы суд і па канвееры.
У дзяжурцы высветлілася, што мне залічылі ў тэрмін 15 сутак маё пяцігадзіннае затрыманне 18 снежня (калі здымалі на камеру папярэджанні пра дзяцей і елку на 20-е) - і суткі заканчваюцца сёння ў 06.45.
Але таварышы ў цывільным вязуць мяне ў Савецкі Руус. У аддзеле афармляюць паперы, што мяне даставілі - і на пачатку восьмай раптам абвяшчаюць:
- Сёння ў 12.00 у вас Савецкі суд, Павел Канстанцінавіч. А пакуль вы свабодныя.
Такім чынам, прагулка па яшчэ цёмным Менску пад дажджом з кешарамі - і я дома. На парозе - мая каханая Волечка, радасны Францішак і матуля.
А аршанскі блогер Дзмітры Казлоў, больш вядомы пад псеўданімам "Шэры Кот", не выйшаў з ІЧУ пасля сутак. Позна ўвечары 9 студзеня адзін з супрацоўнікаў аршанскага ІЧУ паведаміў актывістам, што ў Казлова маецца яшчэ адна пастанова аб арышце.
Блогер «Шэры Кот» не выйшаў на волю пасля арышту. Яму прысудзілі яшчэ 15 сутак
Крыніца: Суткі за суткамі... Актывістаў зноў адпраўляюць за краты