Пасля сакавіцкіх падзей Праваабарончаму цэнтру “Вясна” было вядома пра як мінімум 12 аглядаў у кватэрах розных актывістаў. У большасці выпадкаў канфіскаваную маёмасць на працягу двух месяцаў людзям вярнулі.
- Ілюстрацыйны малюнак. Крыніца it.belhelcom.org
Аднак, некаторым дагэтуль невядома, дзе знаходзяцца іх камп’ютары, флэшкі, тэлефоны, кнігі ды іншыя рэчы. Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС, якія праводзілі агляды, бяздзейнічаюць, а на скаргі актывістаў не рэагуюць.
“Мяне затрымалі вечарам 24 сакавіка 2017 года на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным і пратрымалі некалькі гадзін ў РУУС. Пры гэтым у мяне адабралі асабістыя рэчы, якія былі з сабой, і нічога з іх не вярнулі дагэтуль, - распавядае адна з дзяўчын, у якой адбыўся дома агляд. – Сярод ночы мяне ў кайданках павезлі дадому на вобшук. Адчынілі дзверы маімі ключамі. На мае пытанні – паказалі нейкую паперу-пастанову на агляд жылля, аднак, я нічога не змагла разглядзець з-за слабога зроку”.
Дзяўчына кажа, што агляд праводзіўся як вобшук: супрацоўнікі міліцыі перабіралі ўсе рэчы, адчынялі самастойна шуфляды, паліцы. Пасля адклалі ў бок некаторыя рэчы, а таксама тэхніку, запісалі канфіскаванае ў пратакол і далі на подпіс панятым. Потым рэчы вынеслі з хаты, не прадставіўшы ніякіх папер іх уладальніцы, а саму дзяўчыну адвезлі ў ІЧУ.
Яна звярнулася ў пракуратуру Маскоўскага раёна г. Мінска са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, у якой прасіла правесці праверку працэдуры агляду памяшкання і абавязаць супрацоўнікаў РУУС выдаць ёй копію пратакола са спісам канфіскаваных рэчаў, а таксама вярнуць рэчы ў самыя кароткія тэрміны.
“Прайшло амаль пяць месяцаў, а маю тэхніку і рэчы дагэтуль не вярнулі, больш за тое, дзяржорганы не прадстаўляюць ніякай інфармацыі аб іх месцазнаходжанні. На ўсе маі скаргі пра правядзенне агляду з парушэннямі і патрабаваннямі прадставіць пералік канфіскаванай маёмасці прыходзяць адказы, што ўсё было праведзена законна”, - падкрэслівае дзяўчына.
Яшчэ адзін прэвентыўна затрыманы распавёў, што 25 сакавіка да яго прыйшлі з пастановай на агляд кватэры на наяўнасць зброі і іншых забароненых рэчаў, аднак правялі вобшук, канфіскавалі шмат чаго з асабістай маёмасці: значкі, налепкі, журналы, флэшкі, тэлефоны, ноутбукі, лічбавы фотаапарат, кухонны і турыстычныя нажы, дыскі і інш.
“Склалі вопіс, копіі якога ў мяне няма дагэтуль, і на падставе далейшых тлумачэнняў – адвезлі ў РУУС. Там склалі пратакол і зачынілі да суда ў панядзелак. На судзе прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафу”, - распавёў хлопец.
Пасля суду ён звярнуўся ў РУУС Маскоўскага раёна з заявай на прадастаўлення копіі пратакола з пералікам канфіскаваных рэчаў, аднак атрымаў адмоўны адказ.
“Пазней частку рэчаў аддалі. Пра астатнюю маёмасць ўчастковы інспектар Анастасія Лях сказала, што яна знаходзіцца на экспертызе ў Міністэрстве інфармацыі. Аднак, па вынікам маіх зваротаў аказалася, што тэхніку на экспертызу не дастаўлялі”, - адзначыў малады чалавек.
Міністэрства інфармацыі ў сваім адказе спаслался на тое, што да іх была накіраваная інфармацыйная прадукцыя для правядзення экспертызы на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкметаў экстрэмізма. У пералік інфармацыйная прадукцыі ўваходзяць друкаваная, аудыё-, аудыёвізуальныя і іншыя паведамленні і матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая візуальная агітацыя, рэкламная прадукцыя.
Разам з тым, куды падзелася іншая маёмасць прэвентыўна затрымага хлопца, у тым ліку тэхніка, Міністэрства інфармацыі не ведае, і перанакіроўвае для атрымання такой інфармацыі ў той самы Маскоўскі РУУС.
Цяпер малады чалавек пры дапамозе праваабронцаў падрыхтаваў чарговую заўву ў РУУС Маскоўскага раёна з патрабаваннем паведаміць, дзе і на якой падставе знаходзяцца яго ноутбукі, фотаздымач і іншыя носбіты інфармацыі і калі яны будуць вернутыя.
Крыніца: Маскоўскі РУУС не вяртае маёмасць, канфіскаваную падчас сакавіцкіх падзеяў