Шэсце пасля мітынгу 29 снежня. Фота Радыё Свабода Чарговая — пятая за месяц — акцыя пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй прайшла ў Мінску 29 снежня. Як паведамляе Радыё Свабода, у мітынгу і шэсці ўзялі ўдзел каля 120 чалавек. Пасля акцыі анансаваны «жывы ланцуг». Частка арганізатараў ранейшых акцыяў цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.

Першая анансаваная акцыя пачалася апоўдні. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які заклікаў на гэтую акцыю, цяпер за кратамі. Другая акцыя пратэсту, якую анансавалі раней, гэта «жывы ланцуг» — у той жа дзень, праз гадзіну па заканчэнні першай акцыі.

13.50 Шэсьце спынілася каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці. Міліцыя не перашкаджала мітынгу і шэсьцю, пра затрыманьні 29 сьнежня не паведамлялася.

«Мы выйшлі чарговы раз толькі з адной мэтай: каб не гандлявалі нашай Бацькаўшчынай, каб не парушалі Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, каб не было ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй, — падсумаваў Вячаслаў Сіўчык. — Мы лічым здрадай тое, што робіць зараз Лукашэнка, спрабуючы навязаць беларускаму народу так званую „31 дарожную карту“. Мы патрабуем, каб гэтыя ганебныя дакумэнты былі апублікаваныя. Мы патрабуем вызваленьня беларускіх патрыётаў, якія незаконна былі кінутыя за краты за тое, што яны абаранялі Айчыну».

На 29 сьнежня анансаваная яшчэ адна акцыя: праз гадзіну чакаецца «жывы лануг». Свабода будзе весьці трансьляцыю і гэтай акцыі.

13.30 Удзельнікі акцыі вырашылі прайсьці кароткім шэсьцем уздоўж праспэкту Незалежнасьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Пасьля, адзначалі мітынгу, плянуецца яшчэ адна акцыя: ланцуг памяці. Вячаслаў Сіўчык выгукае імёны зьняволеных палітыкаў і разам з пратэстоўцамі патрабуе ім свабоды. Калёна з прыблізна 120 чалавек са сьцягамі і плякатамі ідзе па ходніках, гукае «Жыве Беларусь» і «Далучайся».

13.00 Каля сотні чалавек стаяць на Кастрычніцкай плошчы, трымаюць сур’ёзныя і іранічныя плякаты, партрэты зьняволеных палітыкаў і бел-чырвона-белыя сьцягі. Для ўсіх ахвочых, як і на мінулых акцыях, зладзілі «вольны мікрафон». Міліцыя не перашкаджае мітынгу.

12.00 На Кастрычніцкай сабраліся дзясяткі людзей, у ліку якіх лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Зьявілася і гукаўзмацняльная апаратура. Пратэстоўцы трымаюць партрэты зьняволеных апазыцыянэраў.

Асобна ад асноўнай масы пратэстоўцаў, на рагу вуліцы Энгельса, зь бел-чырвона-белым сьцягам стаяла актывістка Ніна Багінская — пазьней і яна далучылася да акцыі.

Мастак Алесь Марачкін кажа, што прыйшоў на акцыю дзеля ўжо зьняволеных: маўляў, тыя, хто арганізоўваў пратэсты, цяпер амаль усе ў ізалятары на Акрэсьціна.

«Але ўсё наперадзе, — кажа ён. — За Беларусь Крэмль узяўся вельмі моцна. Сёньня як ніколі ёсьць трывога, што мы можам страціць незалежнасьць».

Старшыня АГП Мікалай Казлоў жа кажа на акцыі, што перамовы аб інтэграцыі з Расеяй — злачынства з боку Аляксандра Лукашэнкі. Пасадкамі і штрафамі, мяркуе Казлоў, Лукашэнка паказаў, што ён «адзінаасабова будзе вырашаць, у якой краіне нам жыць».

«Спробы выгандляваць нейкія ўмовы для сябе ў гэтай інтэграцыі — мне здаецца, гэта здрада радзіме», — кажа Казлоў пра Лукашэнку.

Вячаслаў Сіўчык на акцыі пералічвае імёны зьняволеных апазыцыянэраў — ён і пратэстоўцы патрабуюць свабоды ім і Беларусі.

Нагадаем, за мінулы тыдзень за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі ​7, 8, 20 і 21 сьнежня «на суткі» пасадзілі 6 апазыцыянэраў, а штрафаў за пратэсты прысудзілі на ня менш як 16 тысячаў рублёў. Да таго арыштавалі Дзяніса Ўрбановіча, Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага.

Крыніца: У Мінску прайшлі пяты мітынг і шэсце супраць інтэграцыі з Расіяй, будзе «жывы ланцуг». Фота Відэа