Павел Севярынец. Фота:bchd.info Палітык Павел Севярынец, які з'яўляецца арганізатарам снежаньскіх акцый супраць інтэграцыі з Расіяй, 26 снежня зноў затрыманы. Каля пад'езда яго чакалі АМАПаўцы. Калі Севярыней выйшоў на вуліцу - яго затрымалі. Вядома, што павезлі яго ў РУУС Цэнтральнага раёна. 

Літаральна тыдзень таму, 18 снежня, Севярынца затрымалі такім жа чынам. Яго прывезлі ў РУУС, там склалі пратакол за ўдзел у акцыях 7 і 8 снежня, і адразу павезлі на суд, дзе прысудзілі 15 сутак арышту. Аднак пасля агучвання рашэння палітыка адпусцілі, папярэдзіўшы ад недапушчальнасці парушэння заканадаўства на масавых акцыях. У выніку Павел Севярыней змог прыняць удзел у новай акцыі за незалежнасць 20 снежня. Такім чынам, затрымаць на 15 сутак яго могуць у любы момант.

На сёння, 26 снежня, у судзе Фрунзенскага раёна (у 11.00) палітыка мусілі судзіць за заклік да ўдзелу ў першай акцыі супраць інтэграцыі, што прайшла 7 снежня. Ці адбыўся суд без яго - пакуль невядома. 

Палітык заклікаў выйсці на новую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі 29 снежня.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Паўла Севярынца зноў затрымалі і павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна