Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся з заявай у пракуратуру Заводскага раёна г.Мінска з нагоды прымусу студэнтаў выкладчыцай БДЭУ, прыкметы якога праглядаюцца ў відэазапісы, размешчаным на сайце "Радыё Свабода" і іншых СМІ. Пракуратура пераадрасавала зварот праваабаронцы ва ўніверсітэт, каб там самі патлумачылі гэтую сітуацыю.

Аксана Аніскевіч. Скрыншот з відэа.
Аксана Аніскевіч. Скрыншот з відэа.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце БДЭУ С. Скрыба растлумачыў, што на відэа не было ніякага "загону", проста "Аксана Аніскевіч, з'яўляючыся куратарам групы, у межах фарміравання прававой культуры студэнтаў, запрашала іх прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць датэрмінова, паколькі значная частка студэнтаў на выходныя дні з'язджае дадому".

Таксама прарэктар па выхаваўчай рабоце паведаміў, што студэнты БДЭУ з'яўляюцца раўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і не знаходзяцца ў падпарадкаваннi адміністрацыі БДЭУ.

Аднак, на думку, Валянціна Стэфановіча менавіта пракуратура павінна даць прававую ацэнку дзеянням Аніскевіч. Ён паскардзіўся ў пракуратуру г. Мінска з патрабаваннем разгледзець па сутнасці яго першапачатковую заяву, а пракурора В. Млявага, які гэта не зрабіў, прыцягнуць да адказнасці. Тым не менш, у пракуратуры г. Мінска прыйшлі да высноў, што парушэнняў пры разглядзе пракуратурай Заводскага раёна звароту не дапушчана, падставаў для прыняцця мер рэагавання няма.

Крыніца: Не "заганяла", а запрашала прыйсці на выбарчы ўчастак