Мітынг на Кастрычніцкай плошчы 7 снежня 2019 года. Сёння, 20 снежня, у Мінску мусіць адбыцца новая акцыя за незалежнасць Беларусі і супраць інтэграцыі з Расіяй. Пачатак яе запланаваны на 18.00 на Кастрычніцкай плошчы. Па задумцы аргнізатараў, спачатку адбудзецца мітынг, затым шэсце па цэнтры горада, а скончыцца акцыя "жывым ланцугом" уздоўж праспекту Незалежнасці.

За поўгадзіны да пачатку акцыі назіральнікі "Вясны" налічылі вакол Кастрычніцкай плошчы каля 40 супрацоўнікаў у цывільным.

За два дні да акцыі ў Мінску быў затрыманы яе арганізатар - палітык Павел Севярынец. У дзень затрымання, 18 снежня, яго асудзілі на 15 сутак арышту, але адпусцілі дамоў, папярэдне правёўшы прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў 20 снежня. У той жа дзень затрымалі і асудзілі на 15 сутак лідара "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча, актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага. Зараз яны знаходзяцца ў ЦІП на вул. Акрэсціна.

У сам дзень акцыі ў Гародні затрымалі апазіцыянераў Вадзіма Саранчукова, Сяргея Верамеенку і Ежы Грыгенчу. Вядома, што яны збіраліся ехаць у Мінск, каб паўдзельнічаць у акцыі. Невядома месца знаходжання аршанскага блогера Зміцера Казлова (Шэры кот).

Затрыманні перад новай акцыяй супраць інтэграцыі з Расіяй

Міліцыя затрымала намесніка старшыні Партыі БНФ у Горадні Вадзіма Саранчукова і актывіста Сяргея Верамеенку. Каля дамоў некаторых актывістаў дзяжураць міліцыянты.

 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Сёння - новая акцыя пратэсту супраць інтэграцыі і за незалежнасць