Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org Нягледзячы на аднолькавыя абвінавачваньні паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»), лідэра прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча абмежавалі падпіскай аб нявыезьдзе, а бухгальтар Ігар Комлік утрымліваецца пад вартай, піша Радыё "Свабода".

На думку кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, прычына такога падзелу толькі палітычная:

«Цяжкасьць абвінавачаньня паводле часткі 2 артыкулу 243 дастатковая, каб трымаць пад вартай любую асобу. Калі мяне арыштавалі і зьмясьцілі пад варту, на ўсе просьбы адваката, каб зьмянілі меру стрыманьня, адказ быў стандартны: „Артыкул дазваляе трымаць пад вартай, мы нічога не парушаем“.

Таму мне тут бачацца, што ў такой сэпарацыі, разьдзяленьні аднаго, якога трымаюць у зьняволеньні, і другога, якога трымаюць пад падпіскай аб нявыезьдзе, толькі палітычныя аргумэнты, палітычны разьлік. Таму што ўлады рэальна баяцца найперш вострай пратэставай рэакцыі міжнароднай супольнасьці на арышт лідэра прафсаюзу Фядыніча, таму яго пакінулі пад падпіскай.

І ў той жа час яны адназначна паказваюць і даюць сыгнал усёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, што праца ў першую чаргу спэцслужбаў у нэўтралізацыі актывістаў, у маральным ціску, рэпрэсіўным ціску працягваецца. Яна не спынілася, яна будзе працягвацца. Вось такі «замес» тут атрымліваецца. Я бачу прычыны іх на сёньняшні дзень рознага фізычнага існаваньня толькі ў гэтым — у палітычнай аргумэнтацыі, у палітычных матывах.

Гэта павінна падштурхнуць усю грамадзянскаю супольнасьць Беларусі да больш актыўных дзеяньняў. Мы не павінны дапускаць гэтага ціску і рабіць усё, каб Ігар Комлік выйшаў на свабоду».

Крыніца: Бяляцкі: «Фядыніч пад падпіскай толькі таму, што ўлады баяцца міжнароднай рэакцыі»