Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, яшчэ 9 жніўня ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча за ўдзел мірнай акцыі пратэсту 3 ліпеня.
Разгляд адбыўся без абвінавачанага суддзёй Юліяй Кавяка, пастанову суду Мікалай Статкевіч атрымаў па пошце.
Віна палітыка па рашэнні суду пацвярджаецца паказаннямі сведкаў-міліцыянтаў Казлова А. і Рыжынкова М., пісьмовымі матэрыяламі справы і заключаецца ў тым, што ён прыняў актыўны ўдзел у мітынгу ў складзе групы грамадзян без дазволу Мінгарвыканкама 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, з мэтай публічнага абмеркавання адмены ваенных вучэнняў “Захад-2017” і вызвалення палітзняволеных.
Суддзя вынесла пастанову аб прыцягненні Мікалая Статкевіча да адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак, які будзе адлічвацца ад моманту затрымання. Пакуль што палітык знаходзіцца на свабодзе.
Акрамя таго, толькі зараз стала вядома, што яшчэ 5 ліпеня суддзя Наталля Драчова Савецкага раённа суду г. Мінска асудзілі Мікалая Статкевіча за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на "Ваенных могілках" (ч. 3 арт. 23.34 КаАП), што праходзіў 8 траўня, да штрафу ў 50 базавых велічынь.
Крыніца: За мітынг 3 ліпеня Мікалая Статкевіча асудзілі на 15 сутак