Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, які быў заяўніком шэсця і мітынгу на Дзяды, што прайшлі 3 лістапада, атрымаў позву ў суд.
Яшчэ да гэтага Юрась Беленькі заявіў у інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя, што не збіраецца плаціць за правядзенне шэсця (каментуючы пастанову Саўміна №49, якая рэгламентуе парадак аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку). Само шэсце было санкцыянавана ўладамі.
“Гэта абсурд – браць грошы за тое, што нехта вырашыў ушанаваць памяць продкаў”, – адзначыў тады Юрась Беленькі.
Зараз стала вядома, што на Беленькага быў складены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні па частцы 2 артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне ўсталяванага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу [і г.д.])
Хутчэй за ўсё гэта — рэакцыя на неаплату паслуг міліцыі і абслугоўвання тэрыторыі падчас шэсця.
Судовае пасяджэнне запланавана на сёння, 3 снежня, у судзе Мінскага раёна, пачатак у 14.15. Адрас: вул. Маякоўскага, 119а, пакой 510.
Крыніца: "Гэта абсурд". Юрася Беленькага будуць судзіць за Дзяды